Падісана пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй
24 чэрвеня ў Ватыкане
было падпісана базавае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй. Яго падпісалі
кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта ХVI і Ігор
Лукшыч, прэм’ер-мініст Чарнагорыі. Падчас падпісання прысутнічаў таксама арцыбіскуп
Дамінік Мамбэрці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі.
Беручы пад увагу незалежнасць
і самастойнасць Касцёла і дзяржавы ў Чарнагорыіі і іх гатоўнасць да супрацоўніцтва,
пагадненне ўстанаўлівае законныя асновы двухбаковых адносін паміж імі. Дакумент прызнае
прававое становішча Каталіцкага Касцёла ў краіне, яго свабоду і незалежнасць у апостальскай
дзейнасці, а таксама свабоду веравызнання. Пагадненне акрэслівае прававую дзейнасць
духоўных семінарый у краіне і духоўную дапамогу, якую Касцёл можа несці ва ўзброенных
сілах, у турмах і бальніцах.
У сваёй прамове падчас падпісання пагаднення,
кардынал Тарчызіо Бэртонэ нагадаў гісторыю адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй.
Ён сказаў, што ў 2006 г. Апостальская Сталіца прызнала вяртанне Чарнагорыі на міжнародную
арэну і ў тым жа годзе ўсталявала афіцыйныя дыпламатычныя адносіны з ёй. Кардынал
Дзяржсакратар нагадаў таксама, што ўжо ў 1886 г. была падпісана Канвенцыя паміж папам
Львом ХІІІ і Мікалаем І, Князем Чарнагорыі, якая мела вялікае значэнне для ўсяго балканскага
рэгіёну. “Мы ўпэўнены, што Чарнагорыя глядзіць з павагай на рэлігійныя супольнасці,
існуючыя ў краіне, звяртае вялікую ўвагу на асноўныя прынцыпы права, якія прызнаюцца
на міжнародным узроўні, у прыватнасці, на прынцыпы свабоды веравызнання”, - сказаў
кардынал Бэртонэ.