2011-06-23 17:13:07

Падсакратар “Cor unum”: візіт кардынала Сара ў Беларусь адкрыў новыя гарызонты


RealAudioMP3 Пасля візіта ў Беларусь кардынала Робэра Сара, старшыні Папскай рады “Cor Unum”, падсакратар гэтай дэкастэрыі кс. прэлат Сегундо Тэада Муназ, які суправаджаў іерарха падчас яго візіта, у інтэрвью нашаму радыё адзначыў, што візіт кардынала Сара быў вельмі важным перш за ўсё для таго, каб паказаць мясцоваму Касцёлу, які шмат пакутаваў ад вельмі жорсткага і закрытага камуністычнага рэжыма, што ён з’яўляецца часткай паўсюднага Касцёла. “Прысутнасць афрыканскага кардынала ў гэтым кантэксце вельмі ўразіла многіх людзей: дзеці глядзелі на кардынала Сара з вялікім захапленнем”, - адзначыў кс. прэлат.

“Я думаю, што для Касцёлаў такога тыпу, Касцёлаў, які шмат пакутавалі ад закрытасці, прысутнасць такога іерарха як кардынал Сара, афрыканца, адкрывае новыя гарызонты; дае ім магчымасць бачыць, што яны з’яўляюцца часткай Каталіцкага Касцёла. Гэта больш за ўсё падкрэслівалася біскупамі і вернікамі. Людзям было радасна бачыць, што Касцёл, гэта не проста мікрарэальнасць, але нешта вялікае і прыгожае”.

Кс. прэлат Муназ расказаў, што падчас візіта кардынала Сара ў Беларусь, іерарх меў сустрэчы з супрацоўнікамі “Caritas” ў Віцебску і Мінску. “Яны маюць цяжкасці ў працы ў сацыяльнай сферы, - сказаў падсакратар Папскай рады - Гэтыя цяжкасці звязаны ў першую чаргу з недахопам інструментаў для працы. Але мы бачылі вялікую колькасць святароў, законніц і свецкіх. Яны робяць тое, што могуць. Маюць структуры вельмі маленькія, але вельмі жывыя”. “Касцёл тут адраджаецца з вялікай сілай”, - сказаў кс. прэлат.

Іспанскі святар адзначыў, што новая евангелізацыя ў Беларусі павінна праходзіць з апорай на моладзь. “Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі адзначаў, што на Сусветныя дні моладзі едзе вялікая колькасць маладых людзей, Гэта вялікае багацце. Трэба адштурхоўвацца ад гэтага. Мы не адзінокія. Рэальнасць Касцёла ўключае ў сябе адносіны з рознымі іншымі народамі і рэальнасцямі, а таксама рознымі шляхамі евангелізацыі. Трэба адзначыць, што вера тут захавалася дзякуючы цярпенню людзей, якія падтрымлівалі яе на працягу ўсіх цяжкіх гадоў. І дзякуй Богу, зараз яны перадалі веру новым пакаленням”.

Святар адзначыў, што для евангелізацыі ў Беларусі вельмі важная адкрытасць на іншых. “У нашым глабалізаваным грамадстве неабходны новыя мадэлі евангелізацыі, якія будуць уключаць у сябе адносіны з іншымі народамі, Касцёламі, асобамі”, - падкрэсліў у інтэрв’ю нашаму радыё падсакратар Папскай рады “Cor Unum” кс. прэлат Сегундо Тэада Муназ.







All the contents on this site are copyrighted ©.