2011-06-23 16:49:21

Кс. Анджэй Капроўскі: Ватыканскае радыё можа натхніць беларускае грамадства на салідарны шлях да будучыні


RealAudioMP3 17-22 чэрвеня з візітам у Беларусі знаходзіўся намеснік Генеральнага дырэктара Ватыканскага радыё кс. Анджэй Капроўскі. Ён наведаў Віцебск і Мінск. Падчас свайго візіту ён правёў сустрэчу з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і стаў госцем некалькіх беларускіх СМІ: інтэрнэт-партала TUT.BY, інфармацыйнага агенцтва “БелаПан”. Кс. Капроўскі сустрэўся таксама з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі і абмеркаваў планы магчымага супрацоўніцтва. У інтэрв’ю нашай рэдакцыі ён распавёў падрабязна аб сваім візіце.

Перш чым прыехаць у Беларусь, вы ужо чулі аб гэтай краіне. У СМІ ёсць шмат інфармацыі, існуюць розныя пункты гледжання на жыццё беларускага грамадства. Што убачылі Вы і што Вас больш за ўсё ўразіла?

Сапраўды існуюць розныя “медыйныя клішэ” аб кожнай краіне. Але мы ўжо прызвычаіліся глядзець, не звяртаючы ўвагі на схемы, якія часта нясуць СМІ. Я ведаў, што Беларусь, як і Расія, Украіна, Літва, а, у пэўнай ступені, усходняя частка Германіі, шмат пакутавалі ў перыяд атэістычнага савецкага таталітарызма. Касцёл, як супольнасць, пачынае тут сваё адраджэнне, амаль “з нуля”.

Калі я ехаў з мінскага аэрапорта ў Віцебск, бачыў вельмі добрыя дарогі і дагледжаныя дамы. Гэта канешне не шмат значыць, бо заўсёды неабходна ўвайсці ўнутр, каб убачыць тое, што стаіць на другім плане. Але, гэта дагледжанасць сведчыць аб ўвазе насельніцтва да сваёй краіны. А больш за усё мяне ўразілі две цырымоніі: абвяшчэнне новай катэдры ў Віцебску і 20-я гадавіна заснавання і адраджэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі. У Мінску я ўбачыў актыўную прысутнасць вернікаў у грамадскім жыцці. У Віцебску я таксама назіраў вельмі актыўных вернікаў, асабліва моладзь.

Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам праходзіла побач з будынкамі мясцовых уладаў, побач з помнікам Леніну. Для мяне вельмі значнай з’яўляецца, прысутнасць хрысціянства і Евангелля ў сітуацыях часта даволі складаных. Але, як кажа папа Бэнэдыкт XVI, гэта адказ на патрабаванне новага спосабу сведчыць аб евангельскай любові, выражанай у грамадскім жыцці.

Падчас Вашага візіту Вы сустракаліся з прадстаўнікамі беларускіх СМІ, перш за ўсё свецкіх. Ці была ў іх заціўленасць Ватыканскім радыё і якія тэмы вы абмяркоўвалі?

Я хачу сказаць, што гэты візіт у пэўнай ступені быў візітам ветлівасці, бо напрыканцы красавіка ў Рыме былі прадстаўнікі і кіраўніцтва Беларускага радыё, якія прымалі удзел у сустрэчы EBU (Еўрапейскага вяшчальнага саюза). Таму, сваім візітам у Беларусь я хацеў падзякаваць беларускім калегам за іх удзел, а таксама выкарыстаць яго як магчымасць паразважаць разам аб тым, што мы можам рабіць як грамадскае радыё. Таму што Ватыканскае радыё, гэта таксама радыё, якое служыць грамадству.

Я прадставіў розныя аспекты дзейнасці Ватыканскага радыё, асабліва для Афрыкі: нашу інтэрнэт-старонку www.africanews.it на пяці мовах, а таксама розныя рубрыкі, якія мне здаюцца даволі цікавымі. Кожны тыдзень мы сустракаемся з супрацоўнікамі афрыканскіх рэдакцый і выбіраем актуальныя тэматыкі для гэтых рубрык. Мне здаецца гэтыя рэчы могуць быць цікавы таксама іншым радыёстанцыям, таксама і свецкім. Я ўжо прадстаўляў гэтыя праэкты ў Лондане, Жэневе, падчас сустрэч Еўрапейскага вяшчальнага саюза, таксама распавёў аб іх у Мінску.

Іншымі праектамі, якія я прадставіў, былі: “Vatican TIC”, наша інтэрнэт-старонка і аўдыёвідэаплэер – рэсурсы, дзякуючы якім можна сачыць за дзейнасцю Святога Айца. А яго дзейнасць часта пераўзыходзіць рэлігійныя рамкі. Бэнэдыкт XVI вельмі звяртае ўвагу на ролю хрысціянства ў грамадскім і кульурным жыцці. Падчас шматлікіх падарожжаў, як напрыклад у Венецыю, Аквілею, Харватыю, Папа звяртаў увагу на супольныя праблемы грамадства і Касцёла. Таму, я спрабаваў паказаць, што мы адкрытыя на супрацоўніцтва з іншымі СМІ, каб размаўляць аб гэтых рэчах. Акрамя таго, мы закранулі пытанне аб магчымасці выкарыстання дзяржаўнымі радыёстанцыямі ў Беларусі інфармацыйнага багацця Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Аднак, такія рэчы не вырашаюцца адразу. Яны патрабуюць глыбокага разважання аб магчымых шляхах супрацоўніцтва і, мне здаецца, мы зараз знаходзімся ў добрых умовах, каб рабіць гэта.

Якімі могуць быць плёны такога супрацоўніцтва для Ватыканскага радыё з аднаго боку і беларускага грамадства з другога?

Я думаю, варта пачакаць. Але магчымасці, якія мы маем, сапраўды вялікія, таму што Беларусь мае глыбокія хрысціянскія карані. Я атрымаў у падарунак адзін альбом аб беларускіх творах мастацтва – вельмі цудоўны альбом, якасна зроблены. І хачу прызнацца, што я прысвяціў некалькі гадзін, каб праглядзець кожную яго старонку. Там я ўбачыў, што хрысціянская традыцыя і хрысціянскія карані ў вашай краіне вельмі моцныя.

З іншага боку, бачна, што сёння, як і ва ўсёй Еўропе, існуюць тэндэнцыі, каб выключыць з грамадскага жыцця Бога і хрысціянства. Можа знікнуць кропка апоры. У такім выпадку, Ватыканскае радыё, як частка Каталіцкага Касцёла, можа дапамагчы беларускаму грамадству нанава адкрыць сваё культурнае багацце і натхніць на салідарны шлях да будучыні.

Акрамя таго, вядома, што ў Беларусі пражывае праваслаўная большасць. Гэта праваслаўе, як і каталіцтва, не заўсёды звязана з актыўным практыкаваннем веры і хрысціянскім стылем жыцця. Праваслаўнымі ў Беларусі называюць сябе больш за 80% насельніцтва Беларусі. Гэта не азначае, што ўсе яны практыкуючыя, але кожны з іх належыць да праваслаўнай традыцыі. Таксама тут пражывае каля 15% людзей, якія адносяць сябе да каталіцкай традыцыі. Мне здаецца, што Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл вельмі заклапочаны прысутнасцю хрысціянства ў грамадскай сферы, умацаваннем маральных каштоўнасцяў, тым, каб даць адвагу маладым пакаленням ісці наперад разумным шляхам, з адкрытасцю на Бога. Я убачыў, што адносіны паміж Касцёлам і Царквой вельмі добрыя, таму, на мой погляд, мы, як Ватыканскае радыё, мы маглі б падтрымаць намаганні ў гэтай сферы.







All the contents on this site are copyrighted ©.