2011-06-21 14:05:29

"Homo caritatis". Палітыка - найвышэйшая форма любові


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб месцы і ролі хрысціяніна ў палітычным і грамадскім жыцці. Для веруючага чалавека, палітычная дзейнасць з’яўляецца пакліканнем у рэлігійным сэнсе гэтага слова. Пакліканнем у сэнсе адказам на заклік прысвяціць сваё жыццё дзейнасці з любові да іншых. Па словах папы Паўла VI “палітыка, гэта найвышэйшая форма любові”. Чалавек, які адказвае на заклік Бога і пачынае вырашаць праблемы не толькі свае ці сваёй сям’і, але цэлай супольнасці, грамадства, бярэ на сябе вялікую адказнасць і выражае такім чынам сваю любоў да многіх. Таму ён павінен дзейнічаць з добрым усведамленнем таго, да якой мэты павінна прывесці яго праца. Мэтай хрысціяніна ў палітыцы з’яўляецца скіроўваць грамадства да будавання супольнага дабра, г.зн., ствараць такія ўмовы, у якіх кожная асоба зможа дасягнуць сваёй дасканаласці – жыцця ў праўдзе і любові. Такім чынам любоў павінна быць галоўным шляхам дзейнасці палітыка. Любоў “змяшчае праўдзівы змест асабістых адносінаў з Богам і бліжнім; яна з’яўляецца не толькі прынцыпам мікраадносінаў: сяброўскіх сувязяў, сямейных, малой групы, але таксама макраадносінаў: грамадскіх, эканамічных і палітычных”, кажа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Caritas in veritate” (“Любоў у праўдзе”).

Абарона жыцця

Любоў у праўдзе, павінна кіраваць дзейнасцю палітыка і натхняць яго да пошуку шляхоў для паляпшэння жыцця людзей, стварэння па-сапраўднаму братэрскай супольнасці ў якой усе грамадзяне будуць кіравацца адкрытасцю і любоўю. У мінулых праграмах, мы ўжо размаўлялі аб некаторых тэмах, якія павінны быць у цэнтры ўвагі хрысціяніна ў палітыцы і якія з’яўляюцца фундаментальнымі для пабудовы справядлівага, адкрытага грамадства. Па першае мы ўбачылі, што асновай для жыцця грамадства павінна быць павага да жыцця. Палітык павінен разумець логіку наступстваў павагі да жыцця для ўсёй супольнасці. Г.зн., ён павінен імкнуцца паўплываць на тое, каб ментальнасць грамадзян была жыццялюбнай. Жыццё павінна бараніцца ад самага пачатку аж да натуральнай смерці. Калі будзе бараніцца жыццё самае безабароннае, г.зн., жыццё эмбыёна ці жыццё старога ці хворага чалавека, тады асоба і на любой іншай стадыі жыцця будзе ўпэўнена, што ён уяўляе найвялікшую каштоўнасць. Жывучы з усведамленнем гэтай каштоўнасці свайго жыцця асоба становіцца лепшай, больш уважлівай да іншых.

Любоў - крыніца жыцця

Важна адзначыць, што яшчэ адной сферай, што тычыцца жыцця з’яўляецца яго паходжанне. Касцёл вельмі шмат намаганняў прыкладае для таго, каб захаваць разуменне жыцця, як плёну любові паміж мужчынай і жанчынай. Любоў павінна быць у цэнтры ўвагі і тут. Не жаданні людзей, не імкненне да вырашэння ўсіх праблем навуковым ці тэхнічным спосабам, але толькі любоў. Менавіта таму, Касцёл перасцерагае перад выкарыстаннем рэпрадуктыўных тэхналогій. Гэта можа прывесці да разумення чалавечага жыцця, як плёна развіцця прагрэсу, а не любові. Палітык хрысціянін павінен быць свядомым гэтага і не саромецца казаць аб прыярытэтным значэнні любові.

Прыярытэтнасці клопату аб сям'і

Яшчэ адна фундаментальная сфера, аб якой мы размаўлялі ў мінулых праграмах, тычылася абароны самаго інстытута сям’і. Мы адзначалі, што сям’я з’яўляецца крыніцай адносінаў у грамадстве. Умовы створаныя для сем’яў вельмі важныя для будучыні ўсёй супольнасці. Дзеці з добрых сем’яў, выхаваныя і атрымаўшыя добрую адукацыю становяцца сапраўдным скарбам для ўсёй супольнасці. Палітык хрысціянін павінен ведаць аб гэтым і ставіць у аснову сваёй дзейнасці клопат аб фундаменце грамадства. Грамадства патрабуе таго, каб быць збудаваным на каменні, а не на пяску. Моцныя, здаровыя, поўныя сем’і – гэта аснова жыцця і функцыянавання ўсёй супольнасці.

Права бацькоў на выбар адукацыі дзяцей

Нарэшце, яшчэ адной тэмай, аб якой варта ўзгадаць з’яўляецца асаблівая павага да свабоды бацькоў у сферы адукацыі іх дзяцей. На сённяшні дзень, для беларускага грамадсвта гэта тэма, знаходзіцца яшчэ ў вельмі далёкай перспектыве, але рана ці позна мы прыйдзем да большай свабоды ў сферы адукацыі, яе меньшай бюракратызацыі і цэнтралізацыі. Важна, каб вернікі спрыялі пераменам і ў гэтай сферы.

Важна спрыяць разуменню таго, што бацькі маюць права выбіраць на якіх каштоўнасцях будуць выхоўвацца іх дзеці. Многіх бацькоў, нажаль, не вельмі турбуе аб чым расказваюць іх дзецям у школе, ці якім каштоўнасцям навучаюць іх настаўнікі, але ў той жа час для многіх гэта з’яўляецца вельмі важным. Таму у бацькоў павінен быць выбар. Канешне прыярытэт у выхаванні належыць сям’і, але сям’я павінна атрымаць кампетэнтную дапамогу ў гэтай сферы. Г.зн., школы таксама павінны дзейнічаць згодна з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца сям’я. Напрыклад у сферы сексуальнасці, бацькі навучаюць адказнасці і яе разумнаму выкарыстанню, а ў школах раздаюць прэзерватывы. Таму ў бацькоў павінен быць выбар – якую школу выбраць для сваіх дзяцей. Варта спрыяць таму, каб у сферы адукацыі была пэўная аўтаномія школаў у сферы падрыхтоўкі праграм, матэрыялаў і арганізацыі навуковага працэса. Гэта дасць магчымасць бацькам таксама ўдзельнічаць у фарміраванні і выбары пэўных прыярытэтаў у выхаванні дзяцей. Такая дзейнасць павінна ажыцяўляцца згодна з прынцыпам субсідыярнасці. Прынцып субсідыярнасці кажа аб тым, што супольнасць вышэйшага парадку (у дадзеным выпадку дзяржава) не павінна замяняць супольнасць ніжэйшага парадку (у дадзеным выпадку грамадская супольнасць), але падтрымліваць яе. Гарантуючы аўтаномію бацькоў у сферы выбару адукацыі для дзяцей палітыкі выконваюць вельмі важную ролю. Яны спрыяюць фарміраванню выбара і большай адказнасці бацькоў і настаўнікаў. Гэта таксам праява любові да супольнасці людзей і будучыні грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.