2011-06-19 10:58:46

"З сэрцам у кантакце". Філакалія (ІІІ)


Сёння я працягваю рабіць агляд «Дабраталюб'я», яго аўтараў і гісторыю яго паўстання. Нагадваю, што «Дабраталюб'е» - гэта ўнікальная анталогія твораў бліскаўсходніх хрысціянскіх аўтараў. Творы зборніка прысвечаны духоўнаму жыццю і малітве.

Дабраталюб'е. Сінайскія айцы ісыхазма

Сябры! Мінулы раз я распавёў аб Сінайскім манастыры "Святой Кацярыны", які стаў у свой час цэнтрам новай хрысціянскай духоўнасці - ісыхазма. Сёння я хачу ўзгадаць пра тых падзвіжнікаў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у гэтую сістэму аскетычнай духоўнасці.

Айцом ісыхазма па праве лічыцца Ян Лесвічнік, які стаў пераломнай фігурай у сінайскай духоўнасці. Ён меў досвед жыцця ў манаскай супольнасці, а таксама больш за 50 гадоў (!) правёў на пустыні па-за манастыром. Усім вядомы ягоны твор, які стаў ужо даўно класічным, і называецца «Лесвіца».
У ёй ён выкладае асноўныя прынцыпы аскезы і духоўнай практыкі.

Наступнымі айцамі ісыхазма можна лічыць сінайскіх манахаў, якія жылі пазней - Ісіхія Сінайскага (у расійскім Дабраталюб'і тая ж самая праца прыпісаны Ісіхію Ерусалімскаму) ды Філафея Сінайскага.
Асноўную ўвагу ў сваіх працах яны звярнулі на цвярозасць, мір у сэрцы, духоўную барацьбу і нястомную малітву. Ісіхій напісаў трактат «Аб цвярозасці і малітве», а Філафей працу пад назвай «Сорак раздзелаў аб цвярозасці».

Сінайская пабожнасёць адрозніваецца асаблівым стаўленнем да Божага імя. І гэта зразумела, калі мы ўзгадаем, што манастыр размешчаны на месцы Незгаральнага Куста, дзе Госпад Бог абвясціў сваё Імя Майсею. Сінайскія манахі развіваюць практыку кароткіх «малітавак» да Ісуса, якія выказваюць веру ў сілу Яго Імя.

Дабраталюб'е. Канстанцінопальскі перыяд

Як правіла, духоўныя аўтары належалі да якога-небудзь духоўнаму асяродзя. Такімі асяродзямі, як я ўжо згадаў былі Егіпецкая пустыня і Сінайскі манастыр. В VII стагоддзі, калі Егіпет, Палестына і Сірыя былі захопленыя арабамі, узрасло значэнне Канстанцінопаля (сучаснага Стамбула), як аазіса духоўнага жыцця на хрысціянскім Усходзе.

Важную ролю ў развіцці Канстанцінопаля, як духоўнага цэнтра, адыгралі манастыры, размешчаныя ў самім горадзе, так і ў яго наваколлях.
Асаблівае месца сярод манастыроў займаў студыцкі манастыр. Ён быў заснаваны консулам Студыем ў 462 годзе, аднак сваё значэнне ён набывае ў VIII-IX стагоддзях.

Студыцкія духоўныя аўтары

Вядомасць студыцкаму манастыру прыносяць слаўныя аскетычныя аўтары.
Сярод іх святы Феадор Студыт (759-826), які на пасадзе ігумена праводзіць рэформу манастырскай жыцця. Пад час яго кіравання ў манастыры быў распрацаваны статут, прыняты пасля манахамі Афона ды і іншымі манаскімі супольнасцямі. Гэты статут быў названы студыцкім. Не выпадкова, што чацвёрты том расійскага Дабраталюб'я змяшчае цалкам і ў поўні творы прападобнага Феадора.

Наступным гігантам студыцкай духоўнасці можа быць названы Сімеон Новы Багаслоў.
Гэты манах лічыцца найвялікшым візантыйскім містыкам. Студыцкім манахам быў таксама і Мікіта Сціфат, вучань і біёграф Сімеона.
Іх працы знаходзяцца ў пятым томе расійскага Дабраталюб'я.

Сярод аўтараў Дабраталюб'я, якія па свайму паходжанню былі з Канстанцінопаля, быў таксама Ільля Празбітар (ён жа Екдык). У духу студийской духоўнасці пісаў таксама і Пётр Дамаскін (сачыненні якога былі, зрэшты, выключаныя з расійскага Дабраталюб'я, хоць у грэцкім выданні яны займаюць адно з ключавых месцаў анталогіі).

Асаблівасці студыцкай духоўнасці

У адрозненні ад сінайскай духоўнасці, у якой асаблівая ўвага надавалася практыцы (асабістай малітве і аскезе), студыцкая духоўнасць носіць адбітак супольнага багаслужэння (яно заўсёды заставалася цэнтрам манаскага жыцця), а таксама актыўнага ўдзелу ў такіх «свецкіх» справы, як перапісванне рукапісаў і навука. Адносная «актыўнасць» студыцкіх манахаў у грамадскім жыцці не стала, зрэшты, прычынай падзелу манаскага жыцця на два тыпа - «актыўнага» і «сузіральнага».
Такі падзел адбыўся значна пазней у Рыма-каталіцкай Царкве.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што студыцкая духоўнасць працягвае развіваць ісыхазм...

На гэтым, дарагія сябры, я развітваюся з вамі да наступнай нядзелі. У наступнай перадачы я буду далей распавядаць пра Дабраталюб'е і яго аўтараў.

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, памілуй нас, грэшных!








All the contents on this site are copyrighted ©.