2011-06-17 12:56:54

Славенія: малітва і пост у інтэнцыі развіцця краіны


RealAudioMP3 У Славеніі, з нагоды ХХ-годдзя незалежнасці гэтай краіны, праходзіць акцыя пад назвай “Грамадзянская ініцыятыва малітвы і посту за Радзіму”, арганізатарам якой з’яўляецца Рада свецкіх католікаў Славеніі. Ініцыятыва будзе праходзіць да 22 чэрвеня. У гэты дзень, ў касцёле св. Юзэфа ў Любляне, адбудзецца 24-гадзінная вігілія малітвы і посту, у якой прымуць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў, што дзейнічаюць у Славеніі. Яны разам будуць маліцца аб міры, развіцці і згодзе ў краіне.

Праграма мерапрыемства таксама ўключае ў сябе прыняцце супольнай дэкларацыі складзенай прадстаўнікамі чатырох найвялікшых рэлігійных супольнасцяў Славеніі: Каталіцкага Касцёла, Лютэранскай Царквы, Сербскай Праваслаўнай Царквы і мусульманскай супольнасці. Яны разам жадаюць звярнуць увагу на важнасць агульных каштоўнасцяў, што аб’ядноўваюць славенскі народ і заклікаць грамадства жыць паважаючы каштоўнасці “якія не абмяркоўваюцца”: чалавечае жыццё і свабоду веравызнання.

У акцыі прымуць удзел моладзь, сем’і, выхаваўцы і прадстаўнікі розных грамадскіх інстытутаў краіны. Акрамя таго, у мерапрыемстве задзейнічаны ўсе славенскія дыяцэзіі, розныя свецкія каталіцкія арганізацыі і групы.








All the contents on this site are copyrighted ©.