2011-06-17 14:58:34

Арцыбіскуп Вэльё аб дзейнасці Касцёла адносна бежанцаў


RealAudioMP3 “Еўрапейскі Саюз павінен быць здольным праводзіць якасны маніторынг перамяшчэння эмігрантаў з афрыканскага кантынента і аказваць хуткую дапамогу людзям, што знаходзяцца на лодках, перш чым яны знікнуць ў моры у выніку шторму”, - сказаў у інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў з нагоды Міжнароднага дня бежанцаў, які будзе адзначацца 20 чэрвеня.

Іерарх адзначыў, што Касцёл вельмі шмат увагі надае пытанням бежанцаў і лічыць сваім абавязкам дапамогу ім: “Касцёл прысутнічае сярод бежанцаў праз розную актыўнасць. Гэта залежыць ад таго, якую ўвагу іх праблемам надаюць епіскапаты і мясцовыя біскупы. Напрыклад, ёсць святары і законніцы, што маюць прамы кантакт з людзьмі, якія знаходзяцца ў лагерах бежанцаў. Альбо існуюць біскупы, якія клапоцяцца аб такіх лагерах, як аб сапраўднай парафіі. Таксама, розныя манаскія супольнасці працуюць з бежанцамі самастойна ці ў супрацоўніцтве з “Іезуіцкай службай дапамогі бежанцам”. Міжнародная Каталіцкая Камісія па справах эмігрантаў развівае шматлікія сацыяльна-эканамічныя праэкты, напрыклад мікракрэдытаванне. Таксама актыўным з’яўляецца “Caritas”. Ён дзейнічае як на дыяцэзіяльным так і на нацыянальным узроўнях, прапаноўваючы розныя тыпы паслугаў: ад тэрміновай гуманітарнай дапамогі да прамога кіравання лагерамі бежанцаў. “Caritas” займаецца клопатам аб параненых і рэінтэграцыяй у грамадства “дзяцей-салдат”. Адным з новых выклікаў для нас з’яўляецца павялічэнне колькасці “гарадскіх бежанцаў”. Заўсёды павялічваецца колькасць эмігрантаў, якія перамяшчаюцца ў гарады Важна быць здольным дасягнуць іх, бо яны становяцца небачнымі сярод людзей, асабліва ў бедных раёнах”.

Іерарх звярнуў увагу на вялікую колькасць бежанцаў якія знаходзяцца ў Тайландзе, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. “Зараз перад намі стаў новы выклік – гэта бежанцы з Лівіі, якія бягуць у Туніс, Егіпет, Італію”, адзначыў арцыбіскуп Вэльё. Акрамя таго, іерарх адзначыў, што адной з галоўных праблем, якой займаецца яго дэкастэрыя тычыцца дзяцей, што знаходзяцца ў лагерах для бежанцаў. “Многія з іх не ведаюць іншай рэальнасці таму што нарадзіліся і выраслі там”, сказаў арцыбіскуп.








All the contents on this site are copyrighted ©.