2011-06-14 14:04:50

Харватыя: адносіны паміж праваслаўнымі і католікамі пасля візіту Папы


RealAudioMP3 Біскуп Зрэнянскай дыяцэзіі ў Харватыі Ладзіслаў Нэмет заявіў, што нядаўнія словы Папы Бэнэдыкта XVI аб загрэбскім арцыбіскупе Алоізе Стэпінацэ не пагаршаюць адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Сербскай Праваслаўнай Царквой. Таксама іерарх пацвердзіў гатоўнасць Папы прыехаць у Сербію, але дадаў, што праблемы звязаныя з гэтым візітам павінны быць вырашаны ў самой Сербіі.

Каментуючы цяперашнія адносіны паміж двума Цэрквамі, біскуп Нэмет сказаў, што раней “яны былі як бетонная сцяна, а цяпер падобныя на швейцарскі сыр”, і нагадаў, што старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству быў на інтранізацыі Сербскага Патрыярха Ірынея ў Печскай Патрыярхіі.

Больш за ўсё ўскладняе гэтыя адносіны, па словах іерарха, тое, што Сербская Царква не робіць ніякай розніцы паміж харвацкай дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. “Мне, як каталіцкаму біскупу, не зразумела, чаму Праваслаўная Царква любой цаной трымаецца за дактрыны аб Другой сусветнай вайне. - сказаў біскуп Нэмет - Няможна глядзець на гісторыю так адфільтравана і выбарачна. Мы ведаем, што кардынал Стэпінац шмат разоў, пра што захаваліся гістарычныя дакументы, хадайнічаў перад Антэ Павелічам аб Ясеновацэ, канцлагеры, у якім падчас другой Сусветнай вайны загінула не менш за 75 тыс. сербаў, і ўсіх тых злачынствах, якія там адбываліся”- выказаў сваё здзіўленне іерарх.

Бэнэдыкт XVI падчас нядаўняга візіту ў Харватыю назваў кардынала, якога праваслаўныя абвінавачваюць у падтрымцы генацыду сербаў падчас другой Сусветнай вайны, “вялікім гуманістам” і “абаронцам Бога ў Харватыі”. На думку біскупа Ладзіслава Нэмета гэтыя словы “не абцяжарваюць” адносін паміж двума Цэрквамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.