Католікі в’етнамскай
дыяцэзіі Хай Пхонг звярнуліся з просьбай да папскага дэлегата ў В’етнаме, арцыбіскупа
Леапольда Джырэллі, аб дапамозе ў вяртанні касцёльнай маёмасці. Ватыканскі дыпламат
знаходзіцца з візітам у гэтай краіне.
У дыяцэзіі Хай Пхонг арцыбіскуп Джырэллі
наведаў санктуарый в’етнамскіх дамініканскіх мучанікаў, якія загінулі 150 гадоў таму
ў правінцыі Хай Дуонг і, якіх Ян Павел ІІ канізаваў у 1988 г. Рэктар санктуарыя кс.
Доўнг Ху расказаў, што ў 1967 г. улады краіны забралі частку зямлі, якая належала
санктуарыю і пабудавалі на ёй чыгунку і дамы для мясцовых жыхароў, у якіх цяпер жыве
шмат сем’яў. Рэктар звярнуўся з просьбай да прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, каб
закрануў гэтае пэтанне ў размовах з уладамі краіны, каб апошнія аказалі дапамогу ў
размяшчэнні гэтых асоб у іншым месцы.
Падчас візіту ў горадзе Ха Лонг мясцовыя
католікі прасілі арцыбіскупа Джырэллі паспрыяць вяртанню зямлі, на якой знаходзіўся
некалі касцёл, і яго аднаўленню.