Старшыня Папскай рады
"Cor Unum" кардынал Робэр Сара накіраваў падзячны ліст на імя старшыні Рады па справах
дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
біскупа Антонія Дзям’янкі за дапамогу, якую Касцёл у Беларусі аказвае ахвярам Чарнобыля.
Ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI ватыканскае ведамства выказвае падзяку Касцёлу
ў Беларусі, а таксама ўсім тым, хто на працягу шматлікіх гадоў у Беларусі, а таксама
ў далёкіх краінах — у Еўропе, Амерыцы і іншых месцах — з годнай захаплення ахвярнасцю
і працяглай вернасцю прыкладаў намаганні дзеля аказання дапамогі ахвярам катастрофы
на Чарнобыльскай АЭС.
"Гатоўнасць і мабілізацыя, якія выклікала гэтае трагічнае
здарэнне ў асобах і шматлікіх арганізацыях, без сумніву з’яўлялася матэрыяльнай і
духоўнай падтрымкай пацярпелым, асабліва самым безабаронным; а таксама стала зернем
дабра, якое прынясе вялікі плён як для тых, хто прымаў дапамогу, так і для тых, хто
ахвяраваў гасціннасць і любоў", — адзначаецца ў лісце.