2011-06-13 13:10:49

Ватыканская статыстыка: расце колькасць святароў і семінарыстаў


RealAudioMP3 У свеце больш за 400 тыс. каталіцкіх святароў і іх колькасць павялічылася за апошняе дзесяцігоддзе. Гэта вынікае з дадзеных, апублікаваных у папскім штогадовым даведніку на 2011 г. “Annuario Pontificio” і Статыстычным штогодніку Каталіцкага Касцёла. У прыватнасці, колькасць каталіцкіх святароў з 1999 г. па 2009 г. павялічылася ва ўсім свеце на 1,4%.

У 2009 г. ва ўсім свеце было 410593 святары, у 2008 г. іх было на 1427 менш. 275542 святары з'яўляюцца дыяцэзіяльнымі, 135051 належыць да манаскіх супольнасцяў. Рост колькасці дыяцэзіяльных святароў за гэты перыяд склаў 4%. Затое, было зарэгістравана памяншэнне колькасці законнікаў на 3,5%. Адзначаецца павелічэнне колькасці кандыдытаў да святарства: у 2008 г. іх было 117024, у 2009 – ужо 117978.

Статыстыка паказвае на істотныя розніцы ў сітуацыі з колькасцю духавенства на кантынентах. У Паўночнай Амерыцы лік дыяцэзіяльных святароў скараціўся ў перыяд з 1999 г. па 2009 г. на 7%, а законнікаў на 21%. У Еўропе стала на 9% менш святароў. У Акіяніі іх колькасць знізілася на 4,6%. У Афрыцы і Азіі назіраўся адваротны працэс: дыяцэзіяльных святароў там стала на 38,5%, а законнікаў на 30,5% больш. Таксама ў Лацінскай Амерыцы назіраецца рост колькасці духавенства, хоць законнікаў тут стала за апошнія гады менш.

Найбольшы недахоп святароў, у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. У гэтых частках свету, доля святароў адносна агульнай колькасць католікаў нашмат ніжэйшая, чым у Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Азіі. Наогул, еўрапейцы па-ранейшаму дамінуюць сярод дыяцэзіяльнага духавенства: 46,5% усіх святароў паходзіць з гэтага кантынента. 29,9% – з Паўночнай Амерыкі., з Афрыкі і Азіі – адпаведна 8,9% і 13,5 %.

У цэлым, да Каталіцкага Касцёла належаць у свеце 1,18 млд. асоб. У адпаведнасці з ватыканскай статыстыкай, колькасць каталіцкіх вернікаў павялічылася ў перыяд з 2008 г. па 2009 г. на 15 млн. Амаль палова католікаў – 49,4% – жыве ў Амерыцы, у Еўропе – 24%, у Азіі – 10,7%, 15,2% у Афрыцы і 0,8% у Акіяніі.







All the contents on this site are copyrighted ©.