2011-06-12 14:14:37

Бэнэдыкт XVI перад “Regina Caeli”: Святы Дух натхняе мастацтва і хрысціянскую літургічную музыку


RealAudioMP3 Спасланне Святога Духа на апосталаў, Марыю і вучняў, было "хростам" Касцёла ў Духу. Аб гэтым нагадаў Бэнэдыкт XVI сёння ў Ватыкане перад малітвай “Regina Caeli”. Папа падкрэсліў, што Святы Дух, які стварае ў нас веру падчас хросту, дазваляе нам жыць, як дзецям Божым, свядома, на ўзор Адзінароднага Сына.

"Дарагія Браты і Сёстры, - сказаў Святы Айцец.

Урачыстасць Спаслання Духа Святога, якую мы сёння адзначаем, завяршае літургічны перыяд Вялікадня. У выніку, велікодная таямніца – мука, смерць і ўваскрасенне Хрыста, а таксама Яго Унебаўшэсце – знаходзіць сваё выкананне ў магутным выліванні Святога Духа на апосталаў, сабраных з Марыяй, Маці Пана, і іншымі вучнямі. Гэта быў "хрост" Касцёла, хрост у Святым Духу (пар. Дз 1,5). Як чытаем у Дзеях Апосталаў, на досвітку ў свята Пяцідзесятніцы, узняўся шум з неба, як павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, і на кожным з вучняў затрымаліся языкі быццам ад агня (пар. Дз 2, 2-3). Св. Грыгорый Вялікі каментуе гэта так: "Сёння Святы Дух сышоў нечаканым гукам на вучняў і змяніў розумы цялесных істот унутры іх любові, а калі з'явіліся звонку вогненыя языкі, унутры сэрцаў яны сталі палаючымі, бо прымаючы Бога пад выглядам агню, лагодна палалі ў любові" (Казанне на Ев. XXX, 1: CCL 141, 256). Голас Бога ператварае чалавечую мову апосталаў у боскую і робіць іх здольнымі абвяшчаць "паліфанічна" адно Божае Слова. Дыханне Святога Духа напаўняе сусвет, стварае веру, прыводзіць да ісціны, падрыхтоўвае адзінства паміж народамі. "(...) сабралася мноства людзей, і захвалявалася, бо кожны чуў іх, што яны гавораць на ягонай мове" і абвяшчалі "вялікія справы Божыя"(Дз 2, 6.11).

Благаслаўлёны Антоні Разміні тлумачыць, што "у дзень Пяцідзесятніцы хрысціян Бог стварыў (...) сваё права любові, пішучы яго праз Святога Духа не на каменных скрыжалях, але ў сэрцах апосталаў, а праз апосталаў, абвясціўшы яго затым усяму Касцёлу" (Катэхізіс вызначаны ў адпаведнасці з парадкам ідэй ..., нум. 737, Турын 1863). Святы Дух, які з'яўляецца "Панам і Жыватворцай", як чытаем у "Сімвале веры", яднаецца з Айцом праз Сына і дапаўняе аб'яўленне Найсвяцейшай Тройцы. Паходзіць ад Бога як дыханне Яго вуснаў і мае моц асвячэння, звяржэння падзелаў, вырашэння рознагалоссяў, выкліканых грахом. Гэта ён, бесцялесны і нематэрыяльны, памнажае Божыя даброты, дапамагае жывым істотам, каб дзейнічалі у адпаведнасці з дабром. Як яснае Святло надае сэнс малітве, стараннасць евангельскай місіі, запальвае сэрцы тых, хто слухае радасную вестку, з'яўляецца натхненнем для мастацтва і хрысціянскай літургічнай музыкі.

Дарагія сябры, Святы Дух, які стварае веру ў нас падчас нашага хросту, даваляе нам жыць, як дзецям Божым, свядома і ў згодзе, на ўзор Адзінароднага Сына. Таксама ўлада даравання грахоў, гэта дар Духа, давераная апосталам у пасхальны вечар, Езус дыхнуў на іх і сказаў: "Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца" (Ян 20, 23). Дзеве Марыі, Святыні Святога Духа, давяраем Касцёл, каб заўсёды жыў у Езусе Хрысце, Яго Словам, Яго запаведзямі, і пад пастаянным уздзеяннем Духа Суцяшыцеля прапаведваў усім, што "Езус ёсць Панам!" (1 Кар 12,3)".

Святы Айцец прачытаў з вернікамі, сабранымі на плошчы св. Пятра, велікодную марыйную малітву “Regina Caeli” і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне. Затым Папа прывітаў усіх чаргова на італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, славенскай, славацкай і польскай мовах. Ён нагадаў, што заўтра ў нямецкім Дрэздэне будзе праходзіць беатыфікацыя а. Алаізія Андрыцкага – святара і мучаніка, які памёр у маладым узросце ў нацысцкім канцлагеры. Святы Айцец нагадаў таксама, што 14 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень донараў крыві – дзень мільёнаў людзей, якія "маўкліва дапамагаюць братам у бядзе".







All the contents on this site are copyrighted ©.