2011-06-11 12:05:38

У Каталіцкім Касцёле каля ста святароў цыганскага паходжання


RealAudioMP3 У Каталіцкім Касцёле каля сотні святароў, дыяканаў, законнікаў і законніц мае цыганскае паходжанне. Аб гэтым расказаў арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэліё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Сустрэчу Святога Айца з цыганамі, якая адбылася сёння, ватыканскі іерарх назваў "выразам жадання з боку цыганскіх пілігрымаў, каб Папа выслухаў іх і зразумеў. Яны бачаць у ім чалавека, здольнага даць новы імпульс працэсу іх сацыяльнай інтэграцыі".

Арцыбіскуп Вэліё прызнае, што яшчэ сёння цыгане акружаны забабонамі і непрыязнасцю, якія маюць на мэце пазбавіць іх годнасці. "Гэта ўяўляе сабой адмову ад вартасцяў, якія прапаведваў Хрыстус". Паводле іерарха, Касцёл са свайго боку не абмяжоўваецца дабрачыннай дзейнасцю, але "адкрыты на публічнае прызнанне іх вартасці і пацвярджэння іх асноўных правоў". "Робячы так, Касцёл уносіць уклад у шырокі рух адкрыцця, і, такім чынам, падыходу да гэтай праблематыкі", - падкрэсліў арцыбіскуп Вэліё.

На пытанне аб тым, якім можа быць унёсак цыганаў у місію Касцёла, старшыня Папскай рады нагадаў аб "станоўчых вартасцях, характэрных для цыганскага народа: шчырай гасціннасці, глыбокаму пачуццю салідарнасці, моцнай прыхільнасці да веры і адданасці продкам". "Расце роля ў евангелізацыі гэтага народу законных асоб цыганскага паходжання", - сказаў арцыбіскуп Вэліё, падкрэсліваючы, што каля сотні прадстаўнікоў духавенства з'яўляюцца цыганамі.

Ватыканскі іерарх прызнае, што міжнародная супольнасць зрабіла шмат крокаў наперад для забеспячэння годнасці і павагі асноўных правоў цыган. Асабліва заўважальная ў гэтым кантэксце дзейнасць Савета Еўропы. "Але няма дастаткова скаардынаванай стратэгіі і, вядома, неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя інструменты, якія мае ў гэтай галіне міжнародная супольнасць", - падкрэсліў старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.