2011-06-11 13:14:42

Бэнэдыкта ХVI сустрэўся з цыганскімі пілігрымамі


RealAudioMP3 11 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся ў зале Паўла VI цыганскімі пілігрымамі, якія прыбылі ў Рым з нагоды 150 гадавіны з дня нараджэння і 75 годдзя мучаніцкай смерці Зефірына Шымэнеса Маллы, цыганскага благаслаўлёнага іспанскага паходжання.

Папа сказаў, што гісторыя цыганскага народа складаная, а часам вельмі балючая. “Вы з’яўляецеся народам, які на працягу мінулых стагоддзяў не ствараў нацыяналістычных ідэалогій, не меў жадання заваёўваць землі ці дамінаваць над іншымі народамі”, - нагадаў Пантыфік. “Вы засталіся без бацькаўшчыны і прынялі ўвесь еўрапейскі кантынент як свой дом. Аднак, існуюць сур’ёзныя і трывожныя праблемы ў грамадствах, у якіх вы жывіцё”, - адзначыў Папа. “Касцёл запрашае вас жыць паводле запаведзяў Евангелля, давяраючы Хрысту, будуючы лепшую будучыню Еўропы”, - сказаў Святы Айцец.

Падчас аўдыенцыі цыгане пазнаёмілі Папу са сваёй гісторыяй і сучасным становішчам. З іх вуснаў прагучалі чатыры сведчанні, якія закранулі розныя аспекты існавання цыганскага народу. 18-гадовы Карло Мікіч, сказаў, што маладыя цыгане думаюць аб будучыні і мараць вучыцца, працаваць, мець свой дом і дакументы. Чэя Стойка, вязень некалькіх нямецкіх концлагераў, задала ў сваім сведчанні некалькі балючых пытанняў, якія датычаць гісторыі народу. “Я была дзіцём і бачыла як паміралі ў канцлагерах іншыя дзеці, жанчыны і мужчыны. - узгадала яна - Я пытала сябе: чаму? Што мы зрабілі дрэннага, злога, чаму нас забіваюць? Пра гэта немагчыма забыцца. Еўропа не павінна забыццца пра гэта”. Памэла Суффер, у сваю чаргу, гаварыла пра будучыню наступных пакаленняў і пажадала “цыганскім дзецям светлай і спакойнай будучыні, у якой яны змогуць жыць і развівацца разам з іншымі дзецьмі Еўропы і свету, не адчуваючы адчужэння і дыскрымінацыі”.

Арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, прадстаўляючы цыганскіх пілігрымаў Бэнэдыкту ХVI, адзначыў, што ад сустрэчы з Папам яны чакаюць умацавання веры, надзеі і любові, каб яшчэ больш любіць, служыць і жыць у Езусe і яго Касцёлe”.







All the contents on this site are copyrighted ©.