2011-06-10 12:36:36

Лаос: пашырыўся пераслед католікаў


RealAudioMP3 У паўночным Лаосе, у Апостальскім вікарыяце Луанг Прабанг, пасля хвалі пратэстаў на пачатку мая, пашырыліся ганенні на хрысціян, паведамляе агенцтва “UCAN”. Спасылаючыся на в'етнамскіх святароў, якія там працуюць, яно інфармуе, што мясцовыя органы ўлады чыняць перашкоды вернікам, якія жадаюць удзельнічаць у нядзельнай св. Імшы, а ўся рэлігійная дзейнасць знаходзіцца пад пільным кантролем міліцыі.

“UCAN” паведамляе, што католікі могуць перамяшчацца толькі з дазволу ўладаў. З 1975 г., калі камуністы пачалі кіраваць краінай, у Апостальскім вікарыяце Луанг Прабанг працуе толькі адзін мясцовы святар, няма ні воднай законнай сястры. Сітуацыя пагоршылася пасля дэманстрацый хрысціян з этнічнай групы Хмонг, якія патрабавалі свабоды рэлігіі. Маніфестацыі праходзілі на пачатку мая ў суседняй правінцыі Д’ен-Б’ен.

Мясцовыя ўлады не дапусцілі католікаў прыняць удзел у нядзельнай св. Імшы, прымушаючы іх у гэты час да "грамадскай працы" або палітычнага выхавання. Перад капліцамі стаяць узброеныя міліцыянеры. Духавенства, якое спрабуе займацца душпастырскай працай, падвяргаецца пераследу і абвінавачанням у шпіянажы.

Апостальскі вікарыят Луанг Прабанг мае каля 4 тыс. вернікаў на 1,2 млн. насельніцтва. Гэты горад, размешчаны ў 220 км на поўнач ад сталіцы, з'яўляецца важным цэнтрам будызму і лаокультуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.