2011-06-10 12:47:45

Бэнэдыкт XVI сутрэўся з будучымі дыпламатамі Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 10 чэрвеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся са студэнтамі Папскай касцёльнай акадэміі, навучальнай установы, у якой атрымліваюць адукацыю святары, што рыхтуюцца да дыпламатычнай службы ад імя Апостальскай Сталіцы.

У сваёй прамове да студэнтаў акадэміі Святы Айцец адзначыў, што папская дыпламатыя мае вельмі доўгую гісторыю і яе дзейнасць у сучасную эпоху, паспрыяла фарміраванню аблічча дыпламатычных адносінаў паміж дзяржавамі. “У цяперашні час значэнне і роля дыпламатычных прадстаўнікоў перажыла значныя трасфармацыі, аднак, іх місія застаецца па сваёй сутнасці той жа: быць дакладнымі пасярэднікамі паміж кіраўнікамі дзяржаў, і як наступства, прыладай пабудовы камунікацыі паміж народамі і іх кансалідацыі дзеля мірных і салідарных адносінаў”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік падкрэсліў, што дзейнасць ад імя Апостальскай Сталіцы ўключае ў сябе асаблівыя аспекты. “Перш за ўсё, яе ажыццяўляе святар, біскуп, г.зн., чалавек, які зрабіў у сваім жыцці выбар служыць Слову, якое не з’яўляецца яго ўласным. - падкрэсліў Папа - Сапраўды, ён з’яўляецца слугой Божага Слова, які, як і кожны святар, не можа выконваць сваю місію толькі ў акрэслены час. Гэта місія патрабуе на працягу ўсяго жыцця быць эхам паслання, якое было даверана яму, а менавіта, паслання Евангелля”.

“У здзяйсненні гэтай місіі, дыпламаты Апостальскай Сталіцы пакліканы задзейнічаць усе ўласныя чалавечыя і звышнатуральныя дары. - сказаў Папа - У выкананні такога служэння клопат аб уласным духоўным жыцці, чалавечых цнотах і саліднай культуры ідуць разам і ўзаемна падтрымліваюцца. Гэта вымярэнні, якія дазваляюць падтрымліваць глыбокую ўнутраную раўнавагу, у працы, якая патрабуе між іншым, здольнасці быць адкрытым на іншага, спакойнага суджэння, крытычнай дыстанцыі ад уласных меркаванняў, ахвярнасці, цярпення, пастаяннасці ў дыялогу з ўсімі”. “З іншага боку, служэнне Наступніку св. Пятра, якога Хрыстус паставіў пачаткам, фундаментам і бачным сімвалам адзінства веры і еднасці, патрабуе жыць так, каб пастаянна і глыбока падтрымліваць каталіцкасць Касцёла”, - сказаў у сваёй прамове да будучых ватыканскіх дыпламатаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.