2011-06-09 13:56:48

Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 9 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новага пасла Рэспублікі Малдова пры Апостальскай Сталіцы спадара Стэфана Горды. Пантыфік адзначыў, што Малдова заўсёды з’яўлялася часткай агульнай еўрапейскай сям’і народаў і таму пазітыўным з’яўляецца імкненне гэтай краіны да інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. “Аднак гэта інтэграцыя не павінна быць абумоўлена толькі фактарамі эканомікі і дабрабыта. - сказаў Папа - Ідэалізацыя гэтых двух элементаў у мінулым паказвае пасткі, у якія яны могуць прывесці”. Святы Айцец падкрэсліў, што Малдова павінна зрабіць уклад у еўрапейскую супольнасць народаў праз захаванне і нясенне хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Бэнэдыкт XVI, таксама звярнуў увагу на добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Малдове. “Яны разам усведамляюць неабходнасць абароны рэлігійных і культурных каштоўнасцяў ад пагрозаў матэрыялізма і рэлятывізма”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік нагадаў аб праблемах з якімі сустракаецца Касцёл і грамадства ў краіне. Ён выказаў надзею на пазітыўнае вырашэнне пытанняў звязаных з вяртаннем канфіскаванай у савецкія часы касцёльнай спадчыны, “якая неабходна для выканання не толькі рэлігійнай місіі, але таксама дзейнасці ў сферы адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннасці”. “Касцёл не патрабуе прывілегій. - сказаў Святы Айцец - Але хоча заставацца верным сваёй мэце, крыніцай якой з’яўляецца Хрыстус”.

Бэнэдыкт XVI прыняў таксама сёння даверчыя граматы новага Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Сірыйскай Арабскай Рэспублікі пры Апостальскай Сталіцы. У сваёй прамове да Хусама Эдзіна Аалы Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў, якія б ажыцяўляліся “не ва ўмовах нецярпімасці, дыскрымінацый і канфліктаў, але з павагай да годнасці чалавека, праўды, законных правоў і атмасферы прымірэння”. Папа выказаў надзею, што мірнае вырашэнне праблем, якія існуюць у Сірыі будзе знойдзена.

Святы Айцец сёння прыняў таксама даверчыя граматы новых дыпламатычных прадстаўнікоў Новай Зеландыі, Ганы, Бэліза і Гвінэі, якія будуць спаўняць сваю місію пры Апостальскай Сталіцы. У сваёй прамове Святы Айцец нагадаў пра актуальныя праблемы, якія стаяць перад светам, і якія міжнародная супольнасць павінна вырашаць праз сумесную дзейнасць. Папа звярнуў увагу на экалагічныя праблемы і этычны кантроль над тэхнічным прагрэсам. “Улічваючы небяспеку, з якой сустракаецца чалавек з-за бесканрольнага развіцця тэхналогій, урады павінны спрыяць пашырэнню гуманізма, які будзе паважаць духоўныя і рэлігійныя аспекты чалавечай асобы”, - сказаў звяртаючыся да новых дыппрадстаўнікоў пры Апостальскай Сталіцы Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.