2011-06-08 10:31:21

Біскупы Заходняй Афрыкі асудзілі дыктатуры і імперыялізмы


RealAudioMP3 “Цалкам асуджаем усе дыктатуры і імперыялізмы і выступаем за абсалютную павагу да дэмакратычных законаў і волі народа, якая выражаецца праз галасаванне”, - напісалі біскупы Заходняй Афрыкі ў сваёй дэкларацыі ў сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі ў Кот д’Івуары і Лівіі.“Адназначна асуджаем кіраўнікоў афрыканскіх дзяржаў, якія застаюцца на прэзідэнскай пасадзе пажыццёва і фальсіфікуюць выбары, каб застацца пры ўладзе”, -адзначаюць іерархі.

Біскупы Заходняй Афрыкі заклікаюць ААН даць ацэнку знешняму ваеннаму ўмяшальніцтву у Кот д’Івуар адзначаючы, што яно з’яўляецца грубым парушэннем законаў гэтай краіны. “Каталіцкі Касцёл мае місію выхоўваць у вучнях Хрыста любоў да іншых народаў, як да свайго. - пішуць у сваім дакуменце афрыканскія іерархі - Таму заклікаем міжнародную супольнасць уважліва падыходзіць да кожнага выпадку, у якім неабходна гуманітарнае умяшальніцтва”.

Біскупы адзначаюць, што калектыўныя эгаізмы могуць набываць форму гуманітарнай дапамогі, але на самой справе разбураць годнасць і суверэнітэт народаў. “Таму неабходна міжнароднае кіраўніцтва, якое будзе грунтавацца на этычных прынцыпах. - пішуць аўтары дакумента. Акрамя таго, дэкларацыя утрымлівае заклік да кіраўнікоў рэлігійных супольнасцяў, каб яны спрыялі прымірэнню, справядлівасці і міру. “Паўтараючы словы Бэнэдыкта XVI сцвярджаем, што гвалт і нянавісць гэта заўсёды параза і шлях без будучыні”, - адзначылі ў сваёй дэкларацыі біскупы Заходняй Афрыкі.







All the contents on this site are copyrighted ©.