2011-06-08 14:16:13

Бэнэдыкт XVI рапавёў пра свой візіт у Харватыю


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Бэнэдыкт XVI прысвяціў свайму апостальскаму падарожжу ў Харватыю, якое праходзіла 4-5 чэрвеня. Папа нагадаў, што дэвізам яго візіта ў гэту краіну былі словы “Разам у Хрысце”. Святы Айцец падкрэсліў, што гэтыя словы выражаюць перш за ўсё вопыт аб’яднання ў імя Хрыста, быцця Касцёлам, сабрання Народу Божага вакол Наступніка св. Пятра. “Аднак “Разам у Хрысце” мела, у даддзеным выпадку, асаблівае значэнне для сем’яў. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Для мяне было вельмі важна ўмацаваць у веры перш за ўсё сем’і, якія ІІ Ватыканскі Сабор назваў “хатнімі касцёламі”.

“У сённяшняй Еўропе, народы з моцнай хрысціянскай традыцыяй маюць асаблівую адказнасць абараняць і спрыяць каштоўнасці сям’і, заснаванай на сужэнстве, што застаецца прынцыповым у адукацыйнай і грамадскай сферах. Гэта пасланне мела асаблівае значэнне для Харватыі, багатай духоўнай, этычнай і культурнай спадчынай, якая рыхтуецца да ўваходу ў Еўрапейскі Саюз”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што св. Імша, якую ён цэлебраваў у нядзелю разам з харвацкімі сем’ямі, праходзіла ў духоўнай атмасферы чакання Урачыстасці Спаслання Святога Духа. “Як у вялікім “вячэрніку” пад адкрытым небам, харвацкія сем’і аб’ядналіся ў малітве, разам просячы дароў Святога Духа. - сказаў Папа - Гэта мне дало магчымасць падкрэсліць дар і дзейнасць дзеля адзінства Касцёла, а таксама ўмацаваць сужонкаў у іх місіі”.

“У нашыя дні, калі, нажаль, павялічваецца колькасць разводаў, вернасць сужонкаў стала сама па сабе яскравым сведчаннем любові Хрыста, які дае жыць сутнасцю сужэнства, гэта значыць, саюзам мужчыны і жанчыны, якія дзякуючы ласцы Хрыста, любяць і дапамагаюць адзін аднаму на працягу ўсяго жыцця, у радасці і бядзе, у здароўі і хваробе. Першы ўрок веры заключаецца менавіта ў сведчанні вернасці сужэнскім абяцанням: ад гэтага дзеці вучацца, нават без словаў таму, што Бог, гэта любоў верная, церпялівая, шчырая і ўважлівая. Вера ў Бога, які з’яўляецца Любоўю перадаецца натуральным чынам у любоў да дзяцей, плён гэтага адзінства. Аднак вернасць немагчыма без Божай ласкі, без падтрымкі, якая паходзіць ад веры і Святога Духа. Таму Панна Марыя не перастае прасіць у свайго Сына, як на вяселлі ў Кане, пастаяннага аднаўлення ў сужонках дара “добрага віна” – Яго ласкі, што дазваляе жыць “адным целам” у любой сітуацыі і на працягу ўсіх гадоў жыцця”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што быў вельмі ўражаны сустрэчай з харвацкай моладзю, якая прайшла на плошчы Елачыча ў Заграбе. Папа расказаў, што быў вельмі рады сустрэчы з новым пакаленнем харватаў, іх маладой верай, натхнённай жаданнем жыцця і адкрыцця яго значэння, дабра, свабоды, што азначае Бога.

“Было вельмі прыемна чуць з якім энтузіязмам і радасцю спявала моладзь. і потым у момант слухання і малітвы, злучыцца ў глыбокай цішыні! Да іх я паўтарыў пытанне, што Езус скіроўваў да сваіх вучняў: “Чаго шукаеце?”. Аднак, я сказаў ім, што Бог перш і больш шукае іх. У гэтым заключаецца радасць веры: зразумець, што Бог цябе палюбіў першы! Гэта адкрыццё назаўсёды нас робіць яго вучнямі, і значыць заўсёды маладымі духам! Гэта таямніца, падчас нашай сустрэчы, перажывалася ў малітве і эўхарыстычнай адарацыі: у цішыні нашае “быццё ў Хрысце” знайшло сваю поўню. Так маё запрашэнне наследаваць Хрыста стала эхам слова, якое ён сам скіроўваў да сэрцаў моладзі”.

“Яшчэ адным момантам, які можна назваць “вячэрнікам” стала малітва нешпараў у катэдральным касцёле Заграба, разам з біскупамі, святарамі, законнікамі, клерыкамі семінарый і навіцыямі. - сказаў Папа - Таксама і тут, асаблівым чынам мы перажылі вопыт нашага быцця “сям’ёй” як касцёльнай супольнасцю. Гаворачы аб прыкладзе благаслаўлёнага кардынала Стэпінаца, які мужна супрацьстаяў нацысцкай, фашысцкай і камуністычнай дыктатурам, Пантыфік адзначыў, што прапанаваў яго як узор, які можа служыць умацаваннем для біскупаў і святароў у іх служэнні.

Значнай назваў Святы Айцец сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзкай супольнасці, свету палітыкі, навукі, культуры і эканомікі, а таксама членамі дыпламатычнага корпуса і рэлігійнымі лідэрамі, якая прайшла у Нацыянальным тэатры ў Заграбе. “У гэтым асяродку я меў задавальненне гаварыць аб вялікай культурнай харвацкай традыцыі, неадлучнай ад гісторыі гэтай краіны і жывой прысутнасці Касцёла, дзякуючы якой узнікалі шматлікія інстытуты і выхоўваліся выдатныя дзяржаўныя мужы, якія шукалі праўду і супольнае дабро”, сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Яшчэ раз, для ўсіх нас відавочным стала глыбокае пакліканне Еўропы, якое заключаецца ў абароне і аднаўленні гуманізма, заснаванага на хрысціянскіх каранях і які можна назваць “каталіцкім”, гэта азначае, паўсюдным і інтэгральным. Гуманізм, у цэнтры якога знаходзіцца чалавечая асоба, яго трасцэндэнтная адкрытасць і ў той жа час гістарычная рэальнасць, здольны натхняць розныя палітычныя праекты, якія скіраваны на пабудову сапраўднай дэмакратыі, заснаванай на маральных каштоўнасцях укаранёных у самой чалавечай прыродзе. Глядзячы на Еўропу як на народ са старажытнай і моцнай хрысціянскай традыцыяй, што з’яўляецца часткай еўрапейскай цывілізацыі, у той час як ён рыхтуецца увайсці ў склад палітычнага Саюза, прымусіла нанава адчуць тэрміновасць выкліка, які сёння стаіць перад насельніцтвам кантынента, а менавіта – выкліка не баяцца Бога, Бога Езуса Хрыста, які з’яўляецца Любоўю і Праўдай, які не забірае свабоду, але аднаўляе яе і дорыць гарызонты надзеі”.

На заканчэнне катэхезы Папа падзякаваў усім хто яго суправаджаў падчас падарожжа і падрымліваў малітвай, а таксама заклікаў прасіць Панну Марыю – Каралеву харвацкага народа, каб гэты візіт прынёс шматлікія плёны для харвацкіх сем’яў, грамадства і ўсёй Еўропы.







All the contents on this site are copyrighted ©.