2011-06-08 10:32:41

Арцыбіскуп Этэравіч аб візіце Папы ў Харватыю


RealAudioMP3 “Вялікая колькасць удзельнікаў сустрэчы, моманты глыбокай малітвы, натхненне, дадзенае краіне на шляху да інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз, заклік да сямейных каштоўнасцяў і павагі да жыцця і падцвярджэнне багацця хрысціянскіх каранёў”, - такія ўражанні пасля наведвання Харватыі Бэнэдыктам XVI засталіся ў арцыбіскуп Ніколы Этэравіча, генеральнага сакратара Сінода Біскупаў.

У інтэрв’ю ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano” харвацкі іерарх адзначыў, што візіт Пантыфіка стаў сапраўдным Божым дарам для Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне ў час пераходнага перыяда і ў 20-годдзе незалежнасці Харватыі. “Яшчэ вельмі балючымі застаюцца раны, нанесеныя камуністычным рэжымам, - сказаў арцыбіскуп Этэравіч - Таксама, нам неабходна пераадоліць праблемы, якія заствіла вайна 90-х гадоў, і прыняць новыя выклікі, што нясе секулярызацыя. Таму, я лічу, - сказаў арцыбіскуп - Папа прыехаў вельмі своечасова, каб умацаваць у веры вернікаў і падтрымаць сем’і з нагоды іх нацыянальнага свята. Неабходна дапамагчы ім адважна жыць сваім пакліканнем маленькіх хатніх Касцёлаў у кантэксце вялікай сям’і, якой з’яўляецца Паўсюдны Касцёл”.

Сярод асноўных тэм, якія закрануў падчас свайго візіта ў Харватыю Бэнэдыкт XVI арцыбіскуп Этэравіч вызначыў: спалучэнне веры і розума, заклік да сацыяльнай дзейнасці і адзінства, аб якім Папа казаў на прыкладзе благаслаўлёнага кардынала Алаізія Стэпінаца. “Стэпінац быў скалой, моцным прыкладам веры ў каштоўнасці “якія не абмяркоўваюцца”. - сказаў сакратар Сінода Біскупаў - Святы Айцец прапанаваў яго прыняць як узор сапраўднага сведкі для ўсіх католікаў свету. Яго прыклад вельмі важны для нашых часоў, у момант калі Касцёл павінен адказаць на выклікі і вырашаць многія праблемы”.

У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” каталіцкі іерарх адзначыў, што быў вельмі ўражаны глыбокім веданнем Пантыфікам гісторыі і культуры рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, да якога належыць Харватыя. “Папа расказаў, што прыбыў, каб умацаваць у веры сваіх братоў, але сам быў умацаваны верай народа, якая праявілася ў моманты супольнай малітвы”, - сказаў арцыбіскуп Этэравіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.