2011-06-06 13:41:57

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Духоўная пераемнасць пакаленняў


RealAudioMP3 Паважаныя слухачы, мы працягваем нашыя разважанні аб шанцах і пагрозах ва ўмацаванні ідэнтычнасці сучаснага католіка. У мінулым спатканні мы пачалі гаворку аб тым, што велізарную ролю ў жыцці кожнага чалавека адыгрывае спадчыннасць – пераемнасць паміж пакаленнямі. Мы заўважылі, што яна выражаецца на трох асноўных узроўнях жыццядзейнасці чалавека: цялесным, псіхічным і духоўным.

У сённяшнім нашым радыёспатканні хацеў бы запрасіць вас прыгледзецца да таго, у чым выражаецца духоўная пераемнасць пакаленняў. Ці існуе нейкая грахоўная спадчыннасць і як выйсці з духоўных праблем, якія пераходзяць з пакалення ў пакаленне?

Пытанне аб сямейным пракляцці заўсёды непакоіла людзей. Віну за пастаянныя фінансавыя цяжкасці, жыццёвыя няўдачы, сямейныя разлады або праблемы з цяжарнасцю многія спяшаюцца зваліць на прывід сямейнага праклёну, які атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Трэба адзначыць, што апошнім часам таксама ў асяроддзі беларускіх католікаў набірае папулярнасці справа міжпакаленнага аздараўлення, або вызвалення ад грахоў сваіх продкаў. Папулярнасць экзарцызмаў, спектакулярных малітваў аб аздараўленні толькі падсычае ажыятаж вакол пытання аб спадчыннасці граху. Аднак справа застаецца адкрытай і вельмі дыскусійнай.

З аднаго боку, Біблія гаворыць аб грахах, якія закранаюць некалькі пакаленняў. Дастаткова ўзгадаць цытату з кнігі Зыходу: “Пан… карае за грахі бацькоў іх сыноў і ўнукаў ажно да трэцяга і чацвёртага пакалення” (Зых 34, 7). З другога боку, у Святым Пісанні гаворыцца не толькі пра пераемнасць пакарання, але і бласлаўлення. У тым жа раздзеле і вершы кнігі Зыходу, які толькі што мы цытавалі чытаем далей: “Пан… карае за грахі …., але (Ён) міласэрны і літасцівы, багаты на ласку і вернасць, захоўваючы сваю ласку да тысячнага пакалення”. Як бачым можна гаварыць не толькі пра спадчыннасць пакарання, але і бласлаўлення. Што гэта значыць? Адкуль бярэцца адно і другое?

Святое Пісанне і вучэнне Касцёла засцерагае нас, каб мы не паддаваліся нейкай песімістычнай веры ў сляпую пераемнасць і наканаванасць граху. Як хрысціянская вера, так і цвярозая рацыянальнасць паказваюць, што няма і не можа быць ніякага сляпога лёсу, перад якім чалавек быў бы безабаронны. Бог не карае нявінную асобу за злачынствы яе прадзеда. Аднак Пан Бог дазваляе людзям свабодна выбіраць паміж дабром і злом. Вольная воля чалавека з’яўляецца крыніцай яго грэхападзення. Але тая ж вольная воля дае магчымасць навяртання да Бога і вырачэння ад зла. І калі некалькі пакаленняў бацькоў выбіралі шлях граху не толькі для сябе, але і для сваіх дзяцей, то яны перадалі нашчадкам вялікую грахоўную спадчыну. Напрыклад, калі маці нясе сваё дзіця да знахаркі, а не да касцёла, яна адкрывае сваё жыццё і жыццё дзіцяці на дзеянне дэманічных сілаў. А пасля атрымліваецца, што асобы, які звяртаюцца да экзарцызмаў або малітваў аб аздараўленні, сутыкаюцца з патрэбай вызвалення ад праклёну продкаў ці міжпакаленнага граху. Бо як неразважны продак упусціў у сваю жыццё і сям’ю грэх і злога духа, так нашчадак можа разарваць гэтую сувязь, адкрыўшы сваё жыццё на пераможнае дзеянне Хрыста Збавіцеля. Трэба толькі акту добрай волі верніка, звароту да Бога, які можа разарваць ланцуг міжпакаленнага граху. І гэты зварот да Бога павінен быць пацверджаны канкрэтнымі дзеяннямі хрысціяна: супрацьстаяць граху, весці інтэнсіўнае сакрамэнтальнае жыццё (карыстацца магчымасцю рэгулярнай споведзі і прыняцця Св. Камуніі).

На завяршэнне хацелася б заўважыць, што ўзгаданы намі на пачатку перадачы урывак з кнігі Зыходу вельмі паказальна гаворыць аб прапорцыях паміж карай і бласлаўленнем. Калі пакаранне закранае некалькі пакаленняў, то Божае бласлаўленне сягае да тысячаў пакаленняў. Варта ў змаганні з міжпакаленнымі праблемамі памятаць, што гарызонты Божага бласлаўлення шырока распасціраюцца там, дзе душа чалавека адкрываецца на дзеяння Божай ласкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.