2011-06-06 11:09:36

Бэнэдыкт XVI: неабходна перамагчы пасрэднасць у веры (поўны тэкст)


RealAudioMP3 5 чэрвеня ў другой палове дня Святы Айцец узначаліў Нешпары ў катэдральным саборы Заграба. Пасля малітвы Святы Айцец звярнуўся да прысутных. Прапаноўваем вашай увазе поўны тэкст прамовы Папы.

Дарагія браты ў біскупстве і святарстве,
Дарагія браты і сёстры!

Дзякую Пану за гэту сустрэчу, якая дазволіла мне перажыць асаблівы момант быцця побач з вамі, з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі, навіцыяткамі і навіцыятамі. Вітаю вас усіх з любоў’ю і дзякую вам за сведчанне, якое даеце Касцёлу, як на працягу стагоддзяў рабілі пастыры і мучанікі гэтай зямлі, пачынаючы ад св. Домніо і заканчваючы благаслаўлёным кардыналам Стэпінацам, ўлюбленым кардыналам Кухарычам і многімі іншымі

Дзякую кардыналу Ёсіпу Бажанічу за ветлівыя словы ў мой адрас. У гэты вечар мы хочам пабожна і малітоўна ўспомніць аб благаслаўлёным Алоізію Стэпінацу, вялікім Пастыры, які пакінуў прыклад апостальскай руплівасці і хрысціянскай цвёрдасці, гераічнае жыццё якога яшчэ і сёння асвятляе вернікаў харвацкіх дыяцэзій, падтрымліваючы іх веру і духоўнае жыццё. Заслугі гэтага незабыўнага біскупа паходзяць з яго веры: у сваім жыцці ён заўсёды меў позірк скіраваны на Езуса і Яму цалкам аддаваўся, да такой ступені, што стаў жывым вобразам Хрыста, нават пакутуючы. Дзякуючы сваёй моцнай хрысціянскай свядомасці ён быў у стане супрацьстаяць любой форме таталітарызму, стаўшы падчас нацысцкай і фашысцкай дыктатуры абаронцам яўрэяў, праваслаўных і ўсіх, каго пераследавалі. А затым, у перыяд камунізму, стаў “адвакатам” сваіх вернікаў, асабліва шматлікіх святароў, якіх арыштоўвалі і забівалі. Ён стаў “адвакатам” Бога на гэтай зямлі, бо ўпарта абараняў праўду і правы чалавека, які жадаў быць аб’яднаным з Богам.

“Ён адным дарам дасканалымі зрабіў назаўсёды асвечаных” (Габ. 10,14). Гэты выраз з паслання да Габрэяў прапануе нам разглядзець постаць благаслаўлёнага кардынала Стэпініца ў вобразе Хрыста і Яго ахвяры. Хрысціянскае пакутніцтва з’яўляецца, на самой справе, вышэйшай мерай святасці, але гэта толькі і заўсёды дзякуючы Хрысту, дзякуючы Яго дару, як адказу на Яго ахвяру, якую атрымліваем у Эўхарыстыі. Благаслаўлёны Алоізій Стэпінац адказаў на гэта сваім святарскім жыццём, біскупскім служэннем, ахвярай свайго жыцця: яго“так” аб’ядналася з Хрыстом. Яго пакутніцтва з’яўляецца кульмінацыяй гвалту ў адносінах да Касцёла падчас жудаснага камуністычнага пераследавання. Харвацкія католікі, асабліва духавенства, падвяргаліся сістэматычнаму пераследаванню і запалохванню з боку камуністычных улад, якія імкнуліся знішчыць Каталіцкі Касцёл, пачынаючы з яго самай высокай мясцовай ўлады. У гэты, асабліва цяжкі перыяд, шматлікія біскупы, святары, кансэкраваныя асобы былі гатовыя памерці, каб не здрадзіць Хрысту, Касцёлу і Папе. Народ бачыў, што святары ніколі не гублялі сваёй веры, надзеі, любові і так заставаліся аб’яднанымі заўсёды. Гэтая еднасць тлумачыць тое, што па-чалавечаму невытлумачальна: што такі моцны рэжым не змог знішчыць Касцёла.

І сёння Касцёл у Харватыі пакліканы быць аб’яднаным, каб супрацьстаяць выклікам сацыяльнага кантэкста, каб смела вызначаць місіянерскія шляхі новай евангелізацыі, асабліва ў служэнні маладому пакаленню. Дарагія браты ў біскупстве, хачу умацаваць вас ў выкананні вашай місіі. Чым больш будзеце працаваць у плённым супрацоўніцтве паміж сабой і ў еднасці з Наступнікам Пятра, тым лепш зможаце пераадолець выклікі нашага часу. Важна, каб асабліва біскупы і святары, заўсёды служылі прымірэнню паміж падзеленымі хрысціянамі, паміж хрысціянамі і мусульманамі, прытрымліваючыся навучання Хрыста, які з’яўляецца нашым мірам. Святары павінны ахвяроўваць ім ясныя духоўныя, дактрынальныя і пастырскія накірункі. Касцельная супольнасць, па сутнасці, мае свае ўнутраныя законныя падзелы, аднак яна не можа даваць дакладнае сведчанне Пану, як толькі ў еднасці сваіх членаў. Гэта патрабуе ад біскупаў нагляднага служэння, каб служыць Богу ў дыялогу і вялікай любові, але таксама з яснасцю і цвёрдасцю. Дарагія браты ў біскупстве, належыць Хрысту значыць “трымацца яго слова” пры любых абставінах (Ян 14,23). Таму благаслаўлёны кардынал Стэпінац казаў так: “Адным з самых вялікіх бедстваў нашага часу з’яўляецца пасрэднасць у пытаннях веры. Не падманвайце сябе... Ці мы католікі ці не. Калі з’яўляемся католікамі, трэба, каб гэта праяўлялася ва ўсіх сферах нашага жыцця” ( Гамілія на ўрачыстаць св. Пятра і св. Паўла, 29 чэрвеня 1943 г). Маральнае вучэнне Касцёла, сёння часта незразумелае многім, не можа быць адрозным ад Евангелля. Чакаецца менавіта ад пастыраў занесці яго вернікам, каб дапамагчы ім ацаніць сваю асабістую адказнасць, гармонію паміж іх рашэннямі і патрабаваннямі веры. Такім чынам наступіць “культурная змена”, неабходная для культуры жыцця, і грамадства мерай якога будзе чалавек.

Дарагія святары, асабліва пробашчы, я разумею важнасць і разнастайнасць вашых задач, у час, калі моцна адчуваецца недахоп святароў. Заклікаю вас не падаць духам, заставайцеся моцнымі ў малітве і ў духоўным жыцці, каб вашае служэнне было плённым: навучаць, асвячаць і кіраваць тымі, хто давераны вашай апецы. Прымайце з вялікадушнасцю тых, што стукае ў дзверы вашага сэрца, даючы кожнаму дары, якія Боская дабрыня даверыла вам . Гэта рабіце ў адзінстве са сваім біскупам і ва ўзаемным супрацоўніцтве. У сваёй пастырскай працы выкарыстоўвайце Святое Пісанне, будучы адкрытымі і паслухмянымі дзеянню Святога Духа. Тады будзеце эфектыўнымі працаўнікамі новай евангелізацыі, да ажыццяўлення якой вы пакліканы разам са свецкімі асобамі. Майце ў сэрцы клопат аб святарскхі пакліканняў: ўзмацоўвайце іх сваім энтузіязмам і вернасцю, каб яны шчодра і без хістанняў адказалі Хрысту, Галаве і Пастыру.

Дарагія кансэкраваныя асобы. Касцёл шмат чаго чакае ад вас. Вы маеце місію сведчыць у кожным часе аб “стылі жыцця, які Езус, як найвышэйшы місіянер і кансэкраваная асоба Айца, прыняў і запрапанаваў вучням, што яго наследавалі”. Няхай Бог заўсёды будзе вашым адзіным багаццем: ад Яго бярыце прыклад, каб паказаць сучаснаму чалавеку, які мае патрэбнасць у сапраўдных каштоўнасцях, святасці, любові нябеснага Айца. Падтрыманыя ласкай Святога Духа, гаварыце з людзьмі аб жыцці, якое вы прынялі пасля Уваскрасення Хрыста. Няхай усё вашае жыццё стане знакам і служэннем асвячэння, якое кожны ахрышчаны атрымаў, калі быў уключаны ў супольнасць Хрыста.

Да вас, маладыя людзі, што падрыхтоўваецеся да святарства ці кансэкраванага жыцця, жадаю паўтарыць тое, што Боскі Настаўнік пастаянна прысутнічае ў свеце і кажа кожнаму, каго выбраў: “Ідзі за мной” (Мц 9,9). Няхай заўсёды будзе гатовым вашае сэрца! Гераічнае сведчанне благаслаўлёнага Алоізія Стэпінаца няхай натхніць аднаўленне пакліканняў сярод моладзі Харватыі. І вы, дарагія браты ў Біскупстве і ў святарстве, давайце семінарыстам і навіцыятам добрую адукацыю, якая падрыхтуе іх да служэння, якое будзе добра інтэгравана ў грамадства нашых часоў, дзякуючы глыбіні іх духоўнага жыцця і сур’ёзнасці іх вучобы.

Любы Касцёл Харваты, прымі з пакорай і мужнасцю заданне быць сумленнем грамадства, “солю зямлі” і “святлом свету” (Мц 5,13-14). Будзь заўсёды верны Хрысту і пасланню Евангелля ў грамадстве, якое шукае рэлатывізма і секулярызма ва ўсіх сферах свайго жыцця. Будзь месцам радасці ў веры і надзеі.

Дарагія сябры! Благаслаўлёны кардынал Алоізій Стэпінац, і ўсе святыя вашай зямлі, няхай заступаюцца за ваш народ і няхай Маці Збавіцеля абараняе вас! З вялікай любоўю ўдзяляю вам і на ўсяму Касцёлу у Харватыі, маё Апостальскае Благаславеньне. Амэн. Пахвалёны Езус і Марыя!

Пасля прамовы Святы Айцец і памаліўся каля магілы благаслаўлёнага кардынала Алоізія Стэпінаца.








All the contents on this site are copyrighted ©.