2011-06-05 10:25:36

Бэнэдыкт XVI: у сям’і вучацца сэнсу супольнасці ўгрунтаванай на дары (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Вечарам 4 чэрвеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі харватскай грамадзскай супольнасці, свету палітыкі, культуры і прадпрымальніцтва, а таксама з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса і рэлігійнымі лідэрамі. Сустрэча прайшла ў Нацыянальным Харвацкім тэатры ў Загрэбе. Пасля кароткага музычнага канцэрта і прывітальных словаў Святы Айцец звярнуўся да сабраных са сваёй прамовай. Прапаноўваем вашай увазе поўны тэкст зварота Пантыфіка.

Паважаны спадар Прэзідэнт,
шаноўныя кардыналы,
дарагія браты і сёстры!

Мне вельмі прыемна сустрэцца з вамі, прадстаўнікамі розных сфер жыцця харвацкага грамадства і дыпламатычнага корпуса. Сардэчна вітаю кожнага з вас і тыя асяродкі, што вы прадстаўляеце: рэлігійныя супольнасці, палітычныя, навуковыя і культурныя ўстановы, мастацкія, эканамічныя і спартыўныя сферы. Асабліва дзякую арцыбіскупу Пуйлічу і прафесару Зураку за словы, якія да мяне скіравалі. Таксама дзякую музыкантам, якія звярнуліся да мяне на ўніверсальнай мове музыкі. Вымярэнне паўсюднасці, адметная рыса мастацтва і культуры, з’яўляецца асабліва блізкай хрысціянству і Каталіцкаму Касцёлу. Хрыстус, сапраўдны чалавек, і ўсё тое, што з’яўляецца па-сапраўднаму чалавечым знаходзіць у Ім і Яго слове поўню жыцця і значэння.

Гэты цудоўны тэатр з’яўляецца сімвалічным месцам у якім выражаецца ваша нацыянальная і культурная ідэнтычнасць. Мець магчымасць сустрэцца з вамі тут, гэта нагода для радасці духа, таму што Касцёл з’яўляецца таямніцай адзінства і заўсёды радуецца адзінству, у багацці адметнасцяў.Прысутнасць прадстаўнікоў іншых Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама прадстаўнікоў іўдаізма і іслама, спрыяе разуменню рэлігіі, як частцы жыцця ўсяго грамадства: яна з’яўляецца яго звышнатуральнай часткай, што заклікае да вертыкальнага вымярэння, слухання Бога, неабходнага для пошуку супольнага дабра, справядлівасці і прымірэння ў праўдзе. Рэлігіі ставяць чалавека ў адносіны з Богам, Творцам і Айцом усіх, і павінны быць сілай міра. Рэлігіі павінны заўсёды ачышчацца, каб адпавядаць гэтай сваёй сапраўднай місіі.

Тут я б хацеў увайсці ў цэнтральную тэму майго кароткага разважання: сумлення. Яно з’яўляецца асноўным адносна шматлікіх сфераў і фундаментальным для справядлівага і свабоднага грамадства, на нацыянальным і наднацыяльным узроўнях. Я думаю, канешне аб Еўропе, гістарычна-культурнай часткай якой заўсёды была Харватыя, а зараз становіцца таксама палітычна-адміністратыўнай. Сапраўды, вялікія дасягненні сучаснай эпохі, прызнанне і гарантыя свабоды сумлення, правоў чалавека, свабоды навукі, і свабоднае грамадства, яшчэ неабходна ўмацоўваць і развіваць, абапіраючыся на іх трасцэндэнтны фундамент. Гэта неабходна для таго, каб дасягненні не знішчылі самі сабе, што, нажаль, ўжо адбылося ў некаторых выпадках. Якасць грамадскага жыцця, якасць дэмакратыі залежаць ў многім, ад гэтага важнага кампенента, якім з’яўляецца сумленне. Калі сумленне, згодна сучаснага разумення, будзе заключана толькі ў суб’ектыўную сферу, да якой адносяцца рэлігія і маральнасць, тады крызіс заходняга свету не спыніць і Еўропе наканавана будзе інвалюцыраваць. Але калі, сумленне будзе разглядацца, як месца слухання праўды і дабра, месца адказнасці перад Богам і бліжнім – што з’яўляецца сілай супраць любой дыктатуры – тады з’яўляецца надзея на будучыню.

Я ўдзячны прафесару Зураку, за тое, што ён узгадаў аб хрысціянскіх каранях шматлікіх культурных і навуковых інстытутаў гэтай краіны і ўсяго еўрапейскага кантынента. Памятаць, аб гэтых каранях неабходна, нават дзеля гістарычнай праўды, і важна мець здольнасць убачыць глыбіню гэтых каранёў, каб яны маглі жыць і сёння. Важна зразумець дынаміку з’яўлення, напрыклад, стварэнне ўніверсітэта, мастацкай плыні, ці шпіталя. Неабходна зразумець, чаму і як яны ўзніклі, каб ацэніць сёння гэтую дынаміку, якая з’яўляецца духоўнай рэальнасцю, што становіцца культурнай і грамадскай. У фундаменце ўсяго гэтага, заўсёды знаходзяцца мужчыны і жанчыны, асобы, сумленні якіх кіраваліся сілай праўды і дабра. Мы ўжо ўзгадвалі аб некаторых выдатных сынах гэтай зямлі.

Я хачу спыніцца на асобе айца Рудэра Ёсіпа Башковіча, іезуіта, які нарадзіўся ў Дуброўніку трыста гадоў таму, а калі дакладна 18 мая 1711 г. У яго постаці вельмі добра злучаюцца вера і навука, які натхняюць адна адну, да адкрытага пошуку. Яго самая значная праца называецца Theoria philosophiae naturalis. Яна была апублікавана ў Вене, а потым у Венецыі ў сярэдзіне ХVІІІ ст. Яе падтытул мае вельмі сімвалічнае значэнне. Ён гучыць як redacta ad unicam legem virium in natura existentium, г.зн. “аб адзіным законе сілаў, што існуюць у прыродзе”. У працах Башковіча ёсць аналіз, вывучэнне шматлікіх галінаў навукі, але таксама ёсць вялікая прага адзінства. Гэта вельмі тыпова для каталіцкай культуры. Таму, знакам надзеі з’яўляецца заснаванне Каталіцкага універсітэта ў Харватыі. Спадзяюся, што яно паспрыяе адзінству паміж рознымі сферамі сучаснай культуры, каштоўнасцямі і ідэнтычнасцю вашага народа, паспрыяе працягу укладу Касцёла ў жыццё шляхетнага харвацкага народа. Вяртаючыся да айца Башковіча, эксперты кажуць, што яго тэорыя аб “працягласці”, з’яўляецца дзейснай, як для натуральных навук, для геаметрыі, і можа быць ужыта для вялікіх адкрыццяў у сучаснай фізіцы. Што тут можна сказаць? Узнясём хвалу выдатнаму харвату, і сапраўднаму іезуіту; узнясём хвалу даследчыку праўды, які ведаў наколькі яна яго пераўзыходзіць, але, які ведаў таксама як, ў святле праўды, задзейнічаць розум, што даў яму Бог.

Акрамя пахвалы, неабходна ацэніць метад, адкрытасць розуму гэтых вялікіх людзей. Вернемся да сумлення, як ключа патрэбнага для культурнага будаўніцтва і пошуку супольнага дабра. У працэссе фарміравання сумлення грамадства, уклад Касцёла з’яўляецца вельмі важным і каштоўным. Уклад, які пачынаецца з сям’і і знаходзіць важнае ўмацаванне ў парафіі, дзе дзеці і моладзь, вывучаюць Святое Пісанне, што з’яўляецца “вялікім кодэксам” еўрапейскай культуры; і ў той жа час вучацца сэнсу супольнасці угрунтаванай на дары, а не на эканамічнай зацікаўленасці ці ідэалогіі; на любові, якая з’яўляецца “асноўнай сілай неабходнай для развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва” (Caritas in veritate, 1). Гэта логіка бескарыснасці, набываецца яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве, і жыве потым ва ўсіх асяродках: у гульнях і спорце, у міжасабовых адносінах, у мастацтве, у валанцёрскім служэнні на карысць бедных і пакутуючых. Прынятая аднойчы яна можа прыйсці ў больш складаныя сферы, такія як палітыка і эканоміка, у працу на карысць стварэння поліса адкрытага і гасціннага, і ў той жа час не пустога, не па-фальшываму нейтральнага, але багатага чалавечым зместам, з вельмі моцнай этычнай базай. Менавіта тут christefidelis laici (свецкія вернікі) пакліканы фармавацца, кіруючыся прынцыпамі Сацыяльнага навучання Касцёла, для сапраўднай свецкасці, для сацыяльнай справядлівасці, для абароны жыцця, для рэлігійнай і адукацыйнай свабоды.

Дарагія сябры, ваша прысутнасць і харвацкая культурная традыцыя натхнілі мяне да гэтых разважанняў. Я пакідаю іх вам, як знак маёй прысутнасці і жадання Касцёла ісці ў свеце Евангелля сярод вашага народа. Дзякую вам за вашу увагу і ад усяго сэрца благаслаўляю вас, вашых блізкіх і вашу дзейнасць.







All the contents on this site are copyrighted ©.