2011-06-03 11:39:50

Касцёл цікавіцца інтэграцыяй мусульман у еўрапейскі кантэкст


RealAudioMP3 У італьянскім Турыне завершыла працу другая сустрэча прадстаўнікоў еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый, адказных за мусульманска-каталіцкі дыялог. У канчатковым паведамленні яны адзначылі, што Каталіцкі Касцёл цікавіцца інтэграцыяй мусульман у еўрапейскі кантэкст. Гэта складаны працэс, што адбываецца не без супярэчнасцяў, у якім узнікае выклік паступовай інкультурацыі ісламу ў Еўропе ў яго не палітычным, а рэлігійным і маральным вымярэннях.

Прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў адзначаюць, што “Касцёл з цікавасцю глядзіць на ініцыятывы, якія ўзнікаюць у мусульманскіх супольнацях, накіраваныя на адпаведную тэалагічную і культурную падрыхтоўку рэлігійных лідэраў, імамаў і настаўнікаў, што неабходна для ефектыўнага здзяйснення рэлігійнай ролі ісламу ў еўрапейскім кантэксце”. Адказныя за каталіцка-мусульманскі дыялог пацвердзілі, што падтрымліваюць стварэнне факультэтаў ісламскай тэалогіі ў еўрапейскіх універсітэтах.

Дэлегаты выказалі таксама сваю крытычную ацэнку тэрміну “ісламафобія”, створанага для акрэслення варожых адносін да ісламу ў еўрапейскіх краінах. На думку прадстаўнікоў епіскапатаў, яго лепш замяніць на паняцці: “страх” і “варожасць”. Удзельнікі форуму ў Турыне заклікалі мусульман разціваць пазітыўныя і празрыстыя адносіны ў шматлікіх кантэкстах, каб абвергнуць такую інтэрпрэтацыю.

Дэлегаты пацвердзілі, што Каталіцкі Касцёл у Еўропе будзе працягваць дыялог з мусульманамі з яшчэ большай актыўнасцю, згодна з навучаннем Другога Ватыканскга Сабору і папы Бэнэдыкта ХVI. У гэтым дыялогу, паводле адказных за каталіцка-мусульманскі дыялог, павінны брацца пад увагу тры выклікі: ідэнтычнасць, іншасць і шчырасць.







All the contents on this site are copyrighted ©.