2011-06-03 14:15:20

Арцыбіскуп Вэльё: Касцёл дае прыклад адзінства ў разнастайнасці культур


RealAudioMP3 Арцыбікуп Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў прабывае з візітам у Венгрыі. 2 чэрвеня ён прыняў удзел у канферэнцыі па міжрэлігійным дыялогу, якая праходзіць у Будапешце. На форуме, прымеркаваным да завяршэння старшынства Венгрыі ў Еўрапейскім Саюзе, прысутнічалі прадстаўнікі трох монатэістычных рэлігій, палітыкі і дыпламаты.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што “Еўропа стала кантынентам шматлікіх культур не па прычыне эміграцыі, але дзякуючы гістарычнаму фактару. Яе сённяшняе аблічча з’яўляецца вынікам суіснавання розных культур”. Па словах арцыбіскупа, ХХ-ХХІ стагоддзі гэта эпоха міграцыі і нацыяналізму, з якімі спалучаецца маргіналізацыя нацыянальных меншасцяў, часам нават з прымяненнем сілы. “Гэта выключэнне іншаземцаў не з’яўляецца нечым новым. Калі добра прыглядзецца нашай гісторыі, мы бачым, што разнароднасць культур была прычынай шматлікіх канфліктаў і войнаў”, - сказаў старшыня Папскай рады. У той жа час, ён адзначыў, што дзякуючы дыялогу, гэта разнастайнасць можа стаць станоўчым фактарам, багаццем і крыніцай лепшага разумення чалавека. Арцыбіскуп Вэльё падкрэсліў, што “Каталіцкі Касцёл спалучае ў сабе адзінства з разнастайнасцю культур. Гэта ўклад, які ён хоча зрабіць у будаўніцтва Еўропы ў дыялогу культур”.

Сваё выступленне на канферэнцыі па міжрэлігійным дыялогу ватыканскі іерарх скончыў цытатай з паслясінадальнай адгартацыі Яна Паўла ІІ “Ecclesia in Europa”: “Мірнае суіснаванне і ўзаемны абмен унутраным багаццем дазволіць будаваць Еўропу як супольны дом, дзе кожны будзе прыняты, ніхто не будзе падвяргацца дыскрымінацыі, і ўсе будуць жыць адказна як члены адной вялікай сям’і”.







All the contents on this site are copyrighted ©.