2011-06-02 13:26:47

Кардынал Марад’яга: Нобелеўская прэмія Абамы – была памылкай


RealAudioMP3 Нобелеўская прэмія для Абамы была памылкай, лічыць кардынал Оскар Радрыгес Марад’яга. Перад выбарамі кандыдат у прэзідэнты меў цікавае бачанне і абяцанні. Але нічога не змянілася. Я расчараваны ў ім. Гэта проста параза, - сказаў лацінаамерыканскі іерарх у інтэрв'ю штотыднёвіку “Famiglia Cristiana”. Падчас нядаўняй сустрэчы “Caritas internationalis” у Рыме ён быў паўторна абраны прэзідэнтам гэтай арганізацыі. Кардынал часта браў удзел ад імя Апостальскай Сталіцы ў пасяджэннях Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.

Гаворачы аб паразе Абамы, іерарх прыводзіць прыклад незаконнага абароту наркотыкаў. Падчас выбарчай кампаніі, гэта была адна з асноўных тэм. Потым раптам наступіла маўчанне. Белы дом не вяртаўся больш да гэтай праблемы. Такім чынам, у Цэнтральнай Амерыцы сёння трыумфуе наркапалітыка. Мексіка знаходзіцца пад кантролем наркакартэляў, незаконны абарот наркотыкаў з'яўляецца асноўным сектарам эканомікі многіх краін. Але Белы дом не хоча гэтым займацца, таксама як і свет, - дадаў гандураскі кардынал.

На думку Прэзідэнта “Caritas internationalis”, найбольш актуальнай задачай з'яўляецца рэфармаванне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Сёння, адзіная прычына яе існавання, здаецца, ціск на нацыянальныя ўрады, каб легалізавалі аборты і гейсаюзы. “Я ніколі не бачыў, каб ААН з аналагічнай стараннасцю імкнулася бароцца з наркотыкамі і галечай, ці старалася ажыццявіць так званыя “Мэты развіцця тысячагоддзя”, аб якіх забыліся”, - падкрэсліў кардынал Марад'яга.

На яго думку, свету па-ранейшаму не хапае добрых лідэраў з глабальным бачаннем развіцця. “На працягу многіх гадоў мы кацімся ўніз, - сказаў ён. - Лічбы кажуць супраць нас. Чалавецтва жыве горш. Глабалізацыя не дапамагла, а крызіс не прынёс пакаяння. Мы вярнуліся да тых жа фінансавых спекуляцый, без якіх-небудзь абмежаванняў. Што яшчэ горш, прадметам спекуляцыі сталі рэчы першай неабходнасці, такія як: прадукты харчавання і вада, якія павінны быць абаронены дзяржавай. Аднак ва ўрадах не хапае сёння сапраўдных палітыкаў. У большасці краін сёння не галасуюць за дабро, але за меншае зло. Свет кіруецца прынцыпам “ратуйся, хто можа”, - заключыў кардынал Радрыгес Марад'яга ў размове з італьянскім штотыднёвікам “Famiglia Cristiana”.







All the contents on this site are copyrighted ©.