2011-06-01 11:54:14

Арцыбіскупу Дамініку Грушоўскаму споўнілася 85 гадоў


RealAudioMP3 1 чэрвеня споўнілася 85 год арцыбіскупу Дамініку Грушоўскаму, які з 1996 г. па 2001 г. быў Апостальскім нунцыем у Беларусі. Сваю місію ў Беларусі ватыканскі іерарх славацкага паходжання спаўняў у вельмі важны для адраджэння Касцёла час.

Ватыканскі дыпламат быў прызначаны пасланнікам Папы у Рэспубліцы Беларусь у красавіку 1996 г. 2 ліпеня 1996, усяго праз некалькі месяцаў пасля прыезду ў краіну, менавіта ён агучыў рашэнне папы Яна Паўла ІІ абвясціць Маці Божую Будслаўскую апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падчас спаўнення яго дыпламатычнай місіі, 21 кастрычніка 1997 г., адбылася рэкансэкрацыя архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, што стала сімвалам адраджэння каталіцтва ў Беларусі пасля доўгіх гадоў пераследаў.

Падчас дыпламатычнай працы арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага ў Беларусі адбыліся прызначэнні новых іерархаў: біскупа Антонія Дзям’янкі, біскупа Казіміра Вялікасельца і біскупа Уладзіслава Бліна, а таксама заснаванне новай Віцебскай дыяцэзіі. Арцыбіскуп Грушоўскі быў дыпламатычным прадстаўніком Апостальскай Сталіцы ў Беларусі падчас святкавання Вялікага юбілею 2000-годдзя хрысціянства. Ён спалучаў дыпламатычную дзейнасць з глыбокім клопатам аб адраджэнні Касцёла ў Беларусі, прымаў удзел у шматлікіх мерапрыемствах і займаўся публіцыстычнай дзейнасцю. Сваю місію ў Беларусі іерарх скончыў 21 ліпеня 2001 г.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё дзякуе арцыбіскупу Дамініку Грушоўскаму за яго служэнне і далучаецца да шматлікіх віншаванняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.