2011-05-31 16:06:46

Ірак: сумесная хрысціянска-мусульманская малітва


RealAudioMP3 31 мая ў Кіркуку, на поўначы Ірака, хрысціяне і мусульмане разам маліліся, заклікаючы Маці Езуса, каб у краіне спыніўся гвалт. Халдэйскі арцыбіскуп горада Луіс Сако запрасіў палітычных і рэлігійных лідэраў Кіркука, каб разам аддаць пашану Маці Езуса на заканчэнне месяца прысвечанага ёй.

У сваім звароце да прысутных іерарх адзначыў “важнасць гэтай сустрэчы для хрысціян і мусульман” у перыяд “пакутаў” апошніх тыдняў. Хоць мы “перапужаныя”, - сказаў ён, - мы аб’ядналіся, хрысціяне і мусульмане”, каб аддаць пашану Найсвяцейшай Панне Мары, якая тут завецца “Маriamana”. “Асоба Панны Марыі стала месцам сустрэчы паміж хрысціянамі і мусульманамі, - дадаў арцыбіскуп Кіркута, - але паміж намі існуюць іншыя зыходныя пункты”.

Арцыбіскуп заявіў, што акрамя сённяшняй сустрэчы ў Касцёле, ён спадзяецца на сумесныя сустрэчы ў мусульманскіх мячэцях, каб “стварыць сапраўдную брацкую супольнасць, якая імкнулася б да пабудовы міру, стабільнасці і бяспекі ў краіне”. “Мы іракскія хрысціяне, - сказаў арцыбіскуп Сако, - прывязаны да нашых братоў мусульман, да нашых каранёў, да іракскай зямлі. Мы гатовы прыкласці любыя намаганні для прымірэння”.

На заканчэнне набажэнства туркменскі шыіт, арабскі суніцкі імам, курдскі імам і арцыбіскуп Сако выпусцілі галубоў, як сімвалу міру і надзеі на тое, што Ірак можа перамагчы канфлікты і падзелы.







All the contents on this site are copyrighted ©.