2011-05-31 15:23:29

Кардынал Каспер: экуменізм не стратны для Касцёла


RealAudioMP3 Значны прагрэс дасягнуты ў дыялогу паміж хрысціянскімі Цэрквамі, лічыць кардынал Вальтэр Каспер. На думку іерарха, які ўзначальваў Папскую раду па спрыянні хрысціянскаму адзінству, яшчэ нельга казаць аб якой-небудзь форме адзінага Касцёла, але ўжо можна размаўляць аб адзіным хрысціянстве. Аб гэтым кардынал Каспер напісаў у артыкуле, апублікаваным у прылажэнні нямецкага выдання “Die Zeit” пад назвай “Хрыстус і свет”. Нагодай для артыкула стаў лютэранскі Дзень Царквы, які распачынаецца заўтра ў Дрэздэне.

Былы кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству напісаў, што “на працягу апошніх 40 гадоў у дыялогу паміж хрысціянскімі Цэрквамі дасягнута так шмат таго, што аб’ядноўвае, што аб гэтам нават не даводзілася марыць”. На думку нямецкага кардынала мэтай экуменізма не з’яўляецца вяртанне або ўваход аднаго Касцёла ў другі, але “супольнае ўзрастанне ў паўсюднай еднасці”.

Кардынал Каспер не пагаджаецца з меркаваннем, згодна з якім экуменізм з’яўляецца стратным для католікаў. Іерарх мяркуе, што наадварот, “экуменізм заахвочвае больш ахвяраваць і прымаць”. “Дзякуючы гэтаму, у нейкім сэнсе, ён робіць католікаў больш каталіцкімі”, - адзначыў кардынал.

“На працягу апошніх гадоў экуменічны дыялог датычыў вельмі вострых тэмаў”, - піша кардынал Каспер. Ён прывёў прыклад дыскусіі, якая разгарнулася вакол дэкларацыі “Dominus Iesus” аб збаўчым адзінстве і паўсюднасці Езуса Хрыста, абвешчанай у 2000 г. У дакуменце ўзгадваецца між іншым, што ў пратэстанстаў ёсць недахоп атрыбутаў эклезіяльнасці хрысціянскіх супольнасцяў, якія не застаюцца ў адзінстве з Рымам. Гэтыя словы вельмі востра былі ўспрыняты лютэранскімі Цэрквамі. “Аднак, праз некаторы час, зноў стаў магчымым поўны ўзаемапавагі экуменічны дыялог”, - адзначыў кардынал Вальтар Каспер.







All the contents on this site are copyrighted ©.