Арцыбіскуп Кандрусевіч занепакоены сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч занепакоены працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Ён скіраваў адмысловы
зварот, у якім з пункту гледжання сацыяльнага навучання Касцёла аналізуе працэсы ў
грамадстве і нагадвае, што ў фундаменце грамадскіх рашэнняў заўсёды павінна быць павага
і любоў членаў грамадства адзін да аднаго.
Паводле іерарха, “у апошнія часы
складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася ў сувязі
з наступіўшай інфляцыяй, што выклікала вялікую занепакоенасць людзей і вядзе да рознага
роду спекуляцый і выкарыстання чужой бяды дзеля нажывы. Акрамя таго, праявы нецярпімасці
і шматлікія ўзаемныя абвінавачванні негатыўна ўплываюць на агульную атмасферу ў краіне”.
Мітрапаліт
цытуе пантыфікаў, якія шмат думак прысвяцілі грамадскім працэсам і сацыяльным праблемам.
“Ян Павел II навучаў, што сапраўднае развіццё не павінна абмяжоўвацца толькі памнажэннем
дабротаў і паслугаў, гэта значыць таго, чым можна валодаць. Сапраўднае развіццё павінна
спрыяць паўнаце чалавечага быцця”. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадвае, што “для дасягнення
гэтых мэтаў сацыяльнае вучэнне Касцёла прапаноўвае чатыры каштоўнасці, якія павінны
ўвайсці ў нашае жыццё і стаць яго фундаментам: праўду, свабоду, справядлівасць і любоў”.
Паводле
Мітрапаліта, хаця прамым абавязкам Касцёла не з’яўляецца заснаванне справядлівых структур,
бо гэта належыць да свету палітыкі, тым не менш, заданнем Касцёла з’яўляецца ачышчэнне
розуму і прабуджэнне ў чалавеку маральных сілаў, без якіх існуючыя структуры не могуць
эфектыўна дзейнічаць.
Мітрапаліт, які адзначае сёння 30-годдзе святарскага
пасвячэння, піша: “Занепакоены існуючай сітуацыяй, звяртаюся да дзяржаўных уладаў,
свету палітыкі, эканомікі, навукі, культуры, грамадскіх арганізацый, усіх людзей добрай
волі, каб пры вырашэнні нялёгкіх сучасных праблем кіраваліся ўзаемнай любоўю і пашанай
як грамадзяне адной краіны, якая павінна быць нашым супольным домам, прымалі пад увагу
маральныя нормы і прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла, каб у нашай Бацькаўшчыне мы
сапраўды маглі будаваць цывілізацыю жыцця, справядлівасці і любові”.