2011-05-30 16:15:28

Індыя: рэлігійныя меншасці супраць адукацыйнай рэформы


RealAudioMP3 У Індыі хрысціяне і прадстаўнікі іншых рэлігійных меншасцяў пратэстуюць супраць адмысловага статуса індуізма ў сістэме адукацыі. Агенства “Eglises d’Asie” перадае, што некалькі дзён таму сумесная дэлегацыя рэлігійных лідэраў хрысціян, мусульман, будыстаў і сікхаў скіравала да губернатара правінцыі Мадзья Прадэш Рамешвара Такура мемарандум, у якім патрабуюцца аднолькавыя адносіны да прадстаўнікоў усіх веравызнанняў.

Нагодай для гэтай ініцыятывы сталі змены ў адукацыйнай праграме, згодна з якімі ў дзяржаўных школах уводзіцца абавязковае вывучэнне фундаментальных індуісцкіх кніг Бхагавад Гіта. Згодна з заявай прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў, гэта новаўвядзенне з’яўляецца парушэннем прынцыпа свецкасці дзяржавы, гарантаванай Канстытуцыяй Індыі, у якой прызнаецца роўнасць усіх рэлігій. Прэс-сакратар Рэгіянальнай Рады Каталіцкіх Біскупаў Мадзья Прадэша кс. Аннад Матунгал плануе перадаць мемарандум прэм’ер-міністру Індыі Шывраю Сінгху Чаўхану, для прыняцця задавальняючага ўсе бакі спосабу рашэння праблемы.

Урад правінцыі Мадзья Прадэш, кіраўніцтва якім ажыццяўляе нацыяналістычная індуісцская партыя “Бхаратыя Яната”, ужо не першы раз уступае ў канфлікт з мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі, праз прыняцце падобных законапраектаў. У 2007 г. хрысціяне і мусульмане ўжо пратэставалі сумесна супраць увядзення ў мясцовых школах абавязковага культа сонца.







All the contents on this site are copyrighted ©.