2011-05-30 14:42:14

У Алжыры зачыняюць хрысціянскія храмы


RealAudioMP3 У Алжыры працягваецца пераслед хрысціян. Паводле міжнароднай арганізацыі “Open Doors”, якая адстойвае правы хрысціян, улады алжырскай правінцыі Беджая абвясцілі аб закрыцці 7 хрысціянскіх храмаў. На працягу апошніх месяцаў у Алжыры ўсё часцей адзначаюцца выпадкі рэлігійнай нецярпімасці ў адносінах да хрысціян.

Кіраўнік адной з пратэстанцкіх суполак Алжыра Мустафа Крым, запрошаны 22 мая ў паліцэйскі ўчастак Беджая, быў пастаўлены перад фактам закрыцця ўсіх культавых месцаў у правінцыі, акрамя мусульманскіх. Алжырскі ўрад спасылаецца пры гэтым на закон, прыняты ў сакавіку 2006 г., які абмяжоўвае адпраўленне любых немусульманскіх рэлігійных абрадаў.

Паводле інфармацыі “Open Doors”, хрысціян у Алжыры працягваюць саджаць у турмы за так званае “блюзнерства”, мясцовыя ўлады часта перашкаджаюць правядзенню хрысціянскіх набажэнстваў.

Папярэдні ўказ урада, які датычыць закрыцця культавых будынкаў, быў выдадзены ў 2008 г. Тады былі зачынены 26 храмаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.