2011-05-30 16:01:05

Расія: Праваслаўная Царква супраць хрысціянафобіі ў свеце


RealAudioMP3 30 мая Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы выступіў з адмысловай заявай у сувязі з ростам хрысціянафобіі у свеце. “Праваслаўная Царква з глыбокай заклапочанасцю ўспрымае паведамленні, якія прыходзяць з розных краін свету, аб праявах хрысціянафобіі. Хрысціяне падвяргаюцца пераследу, становяцца ахвярамі нецярпімасці і дыскрымінацыі ў розных формах”, - напісана ў заяве.

У дакуменце гаворыцца аб рознага роду выпадках дыскрымінацыі і нецярпімасці, якія адзначаюцца апошнім часам у свеце. “У некаторых краінах, дзе хрысціяне складаюць меншасць, іх свабода веравызнання істотна абмежаваная”. “У той жа час праявы хрысціянафобіі маюць месца і ў краінах, дзе большасць грамадзян вызнае хрысціянства. Дамінаванне жорсткага, а часам і агрэсіўнага секулярызму прыводзіць да таго, што хрысціяне выцясняюцца з грамадскага жыцця, а публічныя заявы і дзеянні, прадыктаваныя хрысціянскай верай – і ў першую чаргу звязаныя з маральнай ацэнкай падзей, якія адбываюцца ў грамадстве, – выклікаюць негатыўную рэакцыю”.

Праваслаўныя іерархі заклікалі сусветную супольнасць, рэлігійных лідэраў і ўсе адказныя грамадскія сілы да распрацоўкі ўсёабдымнага і дзейснага механізму абароны хрысціян і хрысціянскіх супольнасцяў, якія падвяргаюцца пераследу або абмежаванням у сваім рэлігійным жыцці і дзейнасці. Таксама Руская Праваслаўная Царква выступіла з заклікам актывізаваць дыялог рэлігійных лідэраў з міжнароднай супольнасцю з мэтай выпрацоўкі асноў мірнага суіснавання вернікаў, якія належаць да розных традыцый.








All the contents on this site are copyrighted ©.