Мальта: жыхары прагаласавалі за легалізацыю разводаў
Жыхары Мальты на рэферэндуме
прагаласавалі за прыняцце закона, які дазваляе разводы. Па дадзеных газеты “Times
of Malta”, у рэферэндуме па гэтым пытанні, які прайшоў у мінулую суботу, прынялі ўдзел
72% выбаршчыкаў. Большасць насельніцтва Мальты складаюць католікі, і гэта адзіная
краіна Еўрапейскага саюза, у якой да гэтага часу забаронены разводы.
“Вынікі
рэферэндуму не супадаюць з тым, што хацелася б бачыць асабіста мне, але тым не менш,
мы абавязаны забяспечыць павагу да волі большасці насельніцтва”, - заявіў прэм'ер-міністр
краіны Лоўрэнс Гонзі ў сваім тэлевізійным выступленні. Па словах кіраўніка ўрада,
які выступаў супраць легалізацыі разводаў, цяпер парламент павінен прыняць закон,
які ўсталёўвае парадак скасавання шлюбу.
Супраць зняцця забароны на разводы
выступаў таксама неаднаразова і Каталіцкі Касцёл, які карыстаецца на Мальце вялікім
аўтарытэтам.
З усіх дзяржаў толькі на Мальце, Філіпінах і ў Ватыкане разводы
забаронены законам. Да 2004 г. да такіх краін належала і Чылі, але мясцовыя ўлады,
паддаўшыся грамадскаму ціску, адобрылі новы закон аб сужэнстве і дазволілі разводы.
У
ходзе рэферэндуму мальтыйскія выбаршчыкі адказалі на пытанне, ці павінен парламент
краіны ўвесці новы закон, які дазваляе шлюбных парам афіцыйна развесціся праз чатыры
гады пасля таго, як яны расталіся адзін з адным.