2011-05-29 15:39:59

Мінск: па цэнтральных вуліцах прайшла працэсія Божага Цела


RealAudioMP3 29 мая па цэнтральных вуліцах Мінска адбылася працэсія Божага Цела. Духавенства сталіцы, сёстры законныя і шматлікія вернікі, ідучы за Езусам эўхарыстычным да чатырох алтароў, публічна сведчылі сваю веру.

Супольная малітва па традыцыі распачалася з цэлебрацыі святой Імшы каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Іерарх расказаў у інтэрв’ю нашаму радыё , што “у гэтым годзе правядзенню працэсіі спрыяла вельмі добрае надвор'е: прайшоўшы напярэдадні дождж асвяжыў паветра, а сонейка і лёгкі ветрык, стваралі радасны настрой”.

Нягледзячы на ўзнікшыя напярэдадні мерапрыемства цяжкасці звязаныя з атрыманне дазвола на правядзенне працэсіі па цэнтральных вуліцах Мінска, вернікі і святары вельмі адказна падрыхтаваліся да арганізацыі гэтага свята. “Былі зроблены вельмі прыгожыя алтары, якія можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва. - сказаў біскуп Антоні Дзям’янка - Хачу адзначыць, што святары вельмі грунтоўна падрыхтавалі гаміліі: кароткія, але з вельмі глыбокім сэнсам, У сваіх прамовах, яны суаднеслі актуальнымі для грамадства справы з Эўхарыстыяй, вяршыняй хрысціянскага жыцця”.

Іерарх падкрэсліў, што з кожным годам у працэсіі ўдзельнічае ўсё большая колькасць вернікаў, як католікаў, так і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, а таксама адметнасцю сёлетняй працэсіі біскуп Антоні Дзям’янка назваў, вялікую колькасць дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі першую Святую Камунію.








All the contents on this site are copyrighted ©.