2011-05-29 11:47:50

"З сэрцам у кантакце". Філакалія (І).


RealAudioMP3 Сёння я хачу распачаць кароткі цыкл перадач, у якіх я зраблю агляд незвычайнай анталогіі тэкстаў, што вельмі моцна паўплывала на духоўнае жыццё хрысціянскага Ўсходу. Назва гэтага зборніку - «Дабраталюб'е»!

Дабраталюб'е і ісыхазм. Асноўныя звесткі

Дабраталюб'е - гэта самая вялікая і найбольш вядомая ва ўсходняй хрысціянскай духоўнасці анталогія аскетычных твораў. Дабраталюб'е змяшчае тэксты аўтараў IV-XV стагоддзяў, у асноўным грэцкіх і візантыйскіх.

У анталогію ўваходзяць больш за 60 твораў 38 аўтараў. Яна быў складзена Нікадзімам Святагорцам і Макарам з Карынфу, і ўпершыню пабачыла свет у 1782 годзе на грэцкай мове ў Венецыі. Грэцкае слова φιλοκαλείν (filokalia) азначае даслоўна «любоў дабра і прыгажосці». Мы будзем прытрымлівацца царкоўнаславянскай назвы «Дабраталюб'е», хоць на нашу мову можна было б перакласьці назву гэтага збору, як «Дабралюбства»...

Цікава, што поўная назва анталогіі змяшчае такі выраз: «Дабраталюб'е святых цвярозамудрых...».
Слова «цвярозамудры» паходзіць ад слова «цвярозамудрасць», якое ў сваю чаргу з'яўляецца перакладам грэцкага слова nepsis. Даслоўна слова nepsis перакладаецца, як цвярозасць, а ў аскетычных працах на рускай мове часцей за ўсё ўжываецца царкоўна-славянскае слова «трезвение».

Відавочна, гаворка не ідзе тут пра цвярозасць ад спіртных напояў, але пра пэўную асаблівую цноту прападобных айцоў.

Цвярозасць - гэта стан нястомнай ўнутранай ўвагі, спалучанай з адкіданнем усякай думкі, якая стаіць на шляху да паяднання з Богам. Сінонімам слова nepsis з'яўляецца вядомае слова ησυχια (hesychia) - духоўны супакой, унутранае маўчанне і засяроджанасць.

Складальнікі Дабраталюб'я без сумневу хацелі падкрэсліць, што зборнік змяшчае творы аўтараў, якія належаць да асаблівага духоўнага кірунку - ісыхазму. Ісыхазм, як духоўны напрамак, падкрэслівае ролю нястомнай ўнутранай малітвы, якая вядзе да стану духоўнага супакою і магчымасці ўспрыняць Божы дар Фаворскага святла.

Дабраталюб'е і Айцы Пустыні

Дарагія сябры, я спадзяюся што гэтыя разважаньні, дапамогуць вам разабрацца ў тым, што такое «Дабраталюб'е» і натхняць вас на самастойнае прачытанне, калі не ўсёй анталогіі, то хоць бы некаторых яе тэкстаў.

Я і сам не прачытаў усяго Дабраталюб'я цалкам, але люблю выбіраць, чытаць і перачытваць тыя тэксты, якія гавораць пра малітву сэрца, Ісусаву малітву.
Спадзяюся, што ў мяне будзе яшчэ час расказаць вам аб гэтых тэкстах, а сёння я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на гісторыю напісання трактатаў, якія ўвайшлі ў Дабраталюб'е.

Умоўна можна вылучыць чатыры асноўных перыяды, у якія ўзнікалі аскетычныя пісанні:

1. Духоўнасць Айцоў Пустыні (Егіпет)
2. Духоўнасць Сінайская (Сінай - гэта паўвыспа ў Чырвоным моры, на мяжы паміж Азіяй і Афрыкай, частка тэрыторыі Егіпта)
3. Духоўнасць Студыцкая (Канстанцінопаль - назва Стамбула да 1930 года)
4. Духоўнасць Афонскі (Гара Афон - паўвыспа ва Усходняй Грэцыі)

Звернем сёння нашу ўвагу на Егіпет — на Айцоў Пустыні і на раннехрысціянскіх аўтарах.

Духоўнасць Айцоў Пустыні

У вытокаў духоўнасці, якую нам перадае Дабраталюб'е, знаходзіцца вопыт.
Менавіта ў пошуках гэтага вопыту, досведу людзі (па прыкладу Ісуса) сыходзілі ў пустыню, становячыся першымі хрысціянскімі манахамі. Тут, на пустыні, яны хацелі ўсё сваё жыццё прысвяціць малітве і глыбокаму духоўнаму жыццю з Богам.

Гэта не былі ўцёкі ад рэчаіснасці свецкага жыцця, але перш за ўсё прагненне ўнутранага свету і самоты. Гэтыя людзі прагнулі "ачысціць" і "абудзіць" сваё сэрца, каб ласкай Святога Духа, яно сталася жыллём самога Бога.
Пустыня - гэта не бестурботная хобіцкая нара, дзе вы адчуваеце сябе ў камфорце і бяспецы, але наадварот - месца ваенных дзеянняў.

Менавіта тут, на пустыні, чалавек сустракаецца адзін на адзін з сабой - пераадольвае розныя спакусы і сумнівы. Менавіта пустыня ў стане адкрыць чалавеку яго сапраўдную сутнасць (тое, кім ён на самай справе з'яўляецца) і паказаць яму новага чалавека (таго кім ён павінен стаць паводле Божай задумы).

Менавіта пустыня вучыць чалавека аддзяляць важнае ад другаснага: тут ён асабліва інтэнсіўна перажывае ўсё тое, што даводзіцца перажываць ў жыцці кожнаму чалавеку. Усё гэта робіць духоўнасць Айцоў Пустыні ўніверсальнай - яна ёсць правобраз кожнай духоўнасці, яна простая і даступная кожнаму хрысціяніну.

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, памілуй нас, грэшных!








All the contents on this site are copyrighted ©.