2011-05-28 15:23:01

Бэнэдыкт XVI: музыка Ліста перадае трывогі і надзеі сучаснага чалавека


RealAudioMP3 “Ферэнц Ліст, з’яўляецца адным з самых вялікіх піяністаў усіх часоў, і ён быў геніальным кампазітарам не толькі ў фартэпіяннай музыцы, але таксама ў сімфанічнай і сакральнай”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне канцэрта, які быў дарам Прэзідэнта Венгрыі Пала Шміта Святому Айцу з нагоды пачатку старшынства гэтай краіны ў Радзе Еўропы і 200-годдзя з дня нараджэння Ферэнца Ліста.

Падчас канцэрта, які прайшоў у Ватыкане вечарам 27 мая, прагучалі шматлікія творы гэтага выдатнага венгерскага кампазітара. “Мы пачулі шмат гукаў злучаных паміж сабой: усе гэтыя аркестравыя колеры гарманічна выразілі адзіны музычны праект. Таму яны падарылі нам прыгажосць і радасць, узбудзілі ў нас шырокую гамму пачуццяў”, - адзначыў Святы Айцец.

Гаворачы аб музычным творы Ліста пад назвай “Псальм ХІІІ”, Папа адзначыў, што “у перыяд яго напісання кампазітар меў вельмі моцныя духоўныя перажыванні, таму прысвячаў шмат часу сакральнай музыцы”. “Твор, дае нам магчымасць ўбачыць якасць і глыбіню яго веры. - сказаў Бэнэдыкт XVI - У гэтым творы псальміст перажывае цяжкасці, яго пераследуе вораг, а Бог, здаецца, пакінуў яго. Гэта кліч чалавека і ўсяго чалавецтва, якое адчувае цяжар зла прысутнага ў гэтым свеце; музыка Ліста перадае нам сэнс гэтага цяжара і трывогі”.

Але “Бог нас не пакіне”, - сказаў Святы Айцец, “Псальміст ведае аб гэтым і таксама ведаў аб гэтым Ліст, чалавек веры”. “Ад трывогі нараджаецца малітва поўная даверу, які пераўтвараецца ў радасць. “Пры стварэнні гэтага “Псальма”, можна казаць, што вялікі венгерскі музыкант больш маліўся, чым музіцыраваў, або маліўся перад тым як музіцыраваць”, - адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.