Англікане і католікі абмеркавалі супольнае этычнае навучанне
Закончылася пасяджэнне
Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі, якое праходзіла 17-27 мая 2011 г. у кляштары
Босэ. У склад камісіі, якую ўзначальваюць англіканскі арцыбіскуп з Новай Зеландыі
Дэвід Моксан і каталіцкі арцыбіскуп Бірмінгема Бернард Лонглі, уваходзіць 19 тэолагаў
з розных краін свету. Згодна з супольнай дэкларацыяй папы Бэнэдыкта XVI і арцыбіскупа
Роўэна Уільямса, апублікаванай у 2006 г., камісія вяла дыскусіі аб Касцёле на мясцовым
і паўсюдным узроўнях і яго этычным навучанні ў аспекце адзінства.
Гэта ўжо
трэццяе пасяджэнне камісіі, таму першыя дні яе працы былі прысвечаны знаёмству з вынікамі
дыскусій, якія вяліся падчас папярэдніх сустрэч. “Англікане і католікі могуць дапамагчы
адзін аднаму ўзрастаць у веры, у жыцці і хрысціянскім сведчанні, калі з’яўляюцца адкрытымі
на ласку, якая можа перамяняць і адных і другіх”, - гаворыцца ў паведамленні аб выніках
прац Камісіі.
На заканчэнне пасяджэння яго ўдзельнікамі былі падрыхтаваны фінальныя
дакументы з праграмай далейшай працы, у якой Касцёл разглядаецца перш за ўсё ў святле
свайго існавання на фундаменце Хрыста ў Пасхальнай таямніцы. У паведамленні гаворыцца,
што “камісія спрабуе развіць тэалагічнае бачанне чалавечай асобы, грамадства і новага
жыцця ў ласцы Хрыста. Гэта стане фундаментам, на якім будзе працягвацца далейшае вывучэнне
таго, якім чынам этычнае навучанне можа быць выкарыстана Касцёлам на мясцовым і ўніверсальным
узроўні”.