2011-05-26 13:42:23

Францыя: рэлігійныя лідэры заклікалі "вялікую васьмёрку" працаваць для дабра чалавецтва


RealAudioMP3 Рэлігійныя лідэры, якія сустрэліся ў французскім Бардо заклікалі палітыкаў з найбольш багатых краін прымаць смелыя рашэнні для вырашэння глабальных праблемаў сучаснага свету. Яны спаслаліся на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў так званай “вялікай васьмёркі”, якая з 26 па 27 мая праходзіць ў Довіль. Па традыцыі лідэры найбуйнейшых рэлігій, якія існуюць у краіне, дзе праходзіць сустрэча “вялікай васьмёркі”, збіраюцца напярэдадні саміту, каб звярнуць увагу палітыкаў на рэлігійныя і духоўныя аспекты праблем свету.

25 мая рэлігійныя лідэры выдалі супольную дэкларацыю, у якой звяртаюцца да палітыкаў з шэрагам прапаноў і пытанняў. Перш за ўсё, яны заклікаюць да рэформы “кіравання светам”, каб дзейнасць палітыкаў больш адпавядала ідэалам ААН, што паспрыяла б адкрытасці на “менш развітыя краіны свету”. Прадстаўнікі рэлігій жадаюць, каб дзейнасць “вялікай васьмёркі” была больш празрыстай, а грамадзянская супольнасць і рэлігійныя арганізацыі дапускаліся да ўдзелу ў яе працах і маглі ўплываць на рашэнні з упэўненасцю, што яны ажыццявяцца.

Іншыя патрабаванні рэлігійных лідэраў звязаны са змяншэннем выкідаў парніковых газаў у атмасферу і захаваннем абавязацельстваў багатых краін да выдзялення 0,7% іх валавога ўнутранага прадукту на дапамогу бедным краінам, якія на сённяшні дзень “нязначныя ў параўнанні з выдаткамі на ваенныя мэты”. У гэтых пытаннях, палітыкі павінны праявіць мужнасць, заявілі рэлігійныя лідэры.

Падчас сустрэчы кардынал Рыкар, арцыбіскуп Бардо, адзначыў, што міжрэлігійны саміт "з'яўляецца імператывам для ўрадаў і рэлігійных супольнасцяў, каб сумесна працаваць па пытаннях, што ўяўляюць агульны інтарэс."

Праваслаўны Мітрапаліт Эмануіл, які ўзначальвае Канферэнцыю Еўрапейскіх Цэркваў сказаў, што бягучыя падзеі, перш за ўсё на Блізкім Усходзе і ў паўночнай Афрыцы ясна паказваюць жаданне людзей, якія там жывуць паважаць іх асабістую годнасць. Праваслаўны іерарх падкрэсліў, што гэтая павага павінна ўключаць як права на свабоду веравызнання, так і права на палітычнае самавызначэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.