2011-05-26 16:31:56

Мітрапаліт Кандрусевіч: Папа сказаў, што з вялікай надзеяй глядзіць на Касцёл у Беларусі


RealAudioMP3 23-27 мая з візітам у Рыме па запрашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі прабывае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён стаў госцем нашай рэдакцыі і ў інтэрв’ю распавёў пра мэты свайго візіта ў Вечны горад, важныя падзеі, якія адбыліся і адбудуцца ў Каталіцкім Касцёле, а таксама аб перспектывах пачатку вяшчання “Радыё Марыя” у Беларусі.

Скажыце, калі ласка, якая мэта вашага візіта на пасяджэнні епіскапата Італіі?

Так ужо традыцыйна склалася, што некаторыя вялікія біскупскія канферэнцыі Еўропы запрашаюць замежных госцей. Перш за ўзсё, каб пазнаёміцца з сітуацыяй Каталіцкага Касцёла ў іншых краінах. Асабіста для мяне, важна прымаць удзел у такіх канферэнцыях, таму што на іх можна ўбачыць, як працуюць найвялікшыя епіскапаты свету. У Беларусі толькі 6 біскупаў, а тут больш за 300. Італьянскі епіскапат, адзін з самых вялікіх у свеце. У мясцовых біскупаў ёсць чаму вучыцца.

Напрыклад, у гэты раз шмат увагі было прысвечана фарміраванню праз Касцёл новых палітыкаў. Рабіць гэта згодна з хрысціянскім сацыяльным навучаннем. Акрамя таго, Італія мае адну з лепшых сістэм школьнай хрысціянскай адукацыі – у свеце цяжка знайсці лепшую. Аднак, іерархі яшчэ і яшчэ раз закраналі пытанне большага развіцця гэтай сферы. Таксама абмяркоўвалася тэма пакліканняў і фармацыі святароў. Я пачуў прыгожыя словы, якія мне вельмі спадабаліся: святар павінен быць не толькі настаўнікам веры, але чалавекам веры. Італьянскі Касцёл уражвае сваёй дабрачыннай працай. Мая прысутнасць на пасяджэнні епіскапату, гэта добрая нагода сустрэць сваіх сяброў, італьянскіх біскупаў. Прыезд у Рым, гэта таксама магчымасць сустрэцца з Папам. Якраз у сераду праходзіла агульная аўдыенцыя з удзелам Пантыфіка.

Аб чым вы размаўлялі? Аб чым пытаўся Святы Айцец? Ці ўвогуле Бэнэдыкт XVI цікавіцца Беларуссю?

Так атрымалася, што Папа мяне на хвілінку затрымаў. Я прадставіў яму новую агенду на беларускай мове, расказаў яму, што гэта такое і ён быў мне вельмі ўдзячны. Так ўжо склалася, што падчас кожнай чарговай сустрэчы я прэзентую яму новую кнігу на беларускай мове. Святы Айцец спытаў мяне аб стане здароўя нашага кардынала Казіміра Свёнтка, аб тым, чым жыве Касцёл у Беларусі. Папа сказаў, што з вялікай надзеяй глядзіць на Касцёл у Беларусі. Гэта кажа аб тым, што Пантыфік ведае і цікавіцца намі.

Эксцэленцыя, у нашай памяці яшчэ свежым застаецца візіт арцыбіскупа Чэллі ў Беларусь. Гэта была па-сапраўднаму сур’ёзная і знакавая падзея для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, для свецкіх і каталіцкіх СМІ. Якія на вашу думку могуць быць плёны гэтага візіта? Што павінна змяніцца ў поглядзе Каталіцкага Касцёла ў Беларусі на СМІ і адначасова ў поглядзе СМІ на Касцёл у нашай краіне?

Яшчэ прайшло вельмі мала часу і ў адзін момант нічога змяніцца не можа. Але, на мой погляд, візіт арцыбіскупа Чэллі даў новы імпульс і мы павінны яго не страціць. Ён закрануў тэму, якая тычыцца таго, ці трэба рэгуляваць інтэрнэт і вельмі ясна сказаў, што гэта рэгуляванне ні да чаго не прывядзе. Павінна існаваць этыка карыстання інтэрнэтам. Арцыбіскуп Чэллі адзначыў, што СМІ павінны служыць праўдзе, але прытрымліваючыся этычных прынцыпаў. Наша задача палягае на тым, каб гэтаму спрыяць. Тут шмат залежыць ад нас, ад біскупаў і святароў. Без СМІ Касцёл не будзе чутны ў сучасным свеце.

Падчас візіту арцыбіскупа Чэллі прагучала адна вельмі сур’ёзная заява: падчас сваёй сустрэчы з Міністрам інфармацыі арцыбіскуп закрануў пытанне магчымасці арганізацыі вяшчання ў Беларусі “Радыё Марыя”. Скажыце, калі ласка, ці гэта толькі сігналізаванне пытання ці сапраўды рэалізацыя гэтага праекта ў Беларусі магчыма?

Па-першае, хачу адзначыць, што ў многіх беларускіх СМІ гэта тэма ўжо абмяркоўвалася. Была як пазітыўная, так і негатыўная рэакцыі. Я хачу сказаць, што “Радыё Марыя”, аб якім мы размаўляем, належыць да цэнтру, які знаходзіцца ў Італіі, а не ў нейкай іншай краіне. Я ўжо вельмі добра знаёмы з гэтым радыё. Я прысутнічаў пры арганізацыі дзейнасці гэтага радыё ў Санкт-Пецярбургу. Там гэта радыё называецца хрысціянскім. Яно служыць усім людзям –праграмы на ім вядуцца і каталіцкімі, і праваслаўнымі святарамі. Я б вельмі хацеў, каб гэтае радыё было ў Беларусі.

Падчас размовы са спадаром Праляскоўскім я ўбачыў, што ён з ініцыятывай аднёсся да гэтай справы. Мы дамовіліся, што яшчэ сустрэнемся і абмяркуем гэту тэму. Сёння, я канешне не магу сказаць дакладна ці вырашыцца пытанне аб адкрыцці гэтага радыё, таму што неабходна атрымаць хвалі і вырашыць шмат іншых спраў, аднак гэта было б вельмі добра. Адно я магу сказаць дакладна, калі яно будзе існаваць, то таксама будзе хрысціянскім, якое будзе служыць і католікам, і праваслаўным і пратэстантам. Мы ўсе сёння павінны яднацца. Калі так можна сказаць, супольным фронтам змагацца з выклікамі секулярызму.

Я б хацеў запытацца аб падзеях, якія чакаюць Каталіцкі Касцёл у Беларусі. У лістападзе гэтага года адбудзецца вельмі сур’ёзная міжхрысціянская канферэнцыя, якую сумесна арганізуюць Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл. На ёй чакаецца прысутнасць вельмі прадтаўнічых гасцей, у прыватнасці кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Раскажаце, калі ласка, аб гэтай канферэнцыі – яе сутнасці, мэтах і значэнні.

Сам факт правядзення такой канферэнцыі і факт правядзенне яе ў Мінску сведчыць аб тым, што мы можам разам сесці за адзін стол і размаўляць, мы хочам імкнуцца да еднасці, каб сумесна адказваць на выклікі нашага часу. Гэта крок для стварэння альянса. Акрамя таго, прыбудуць важныя госці, аб якіх вы казалі, будзе кардынал Курт Кох. Візіт такога госця ў Беларусь, гэта таксама знакавая падзея, якая нагадвае аб тым, што развіваецца дыялог паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю, і паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Гэта важная падзея не толькі для Беларусі, але для ўсёй постсавецкай прасторы, і нават для сусветнай.

Ваша Эксцэленцыя, 31 мая вы будзеце адзначаць 30-годдзе святарскага пасвячэння. Я вас вельмі сардэчна віншую, ад сябе асабіста, ад нашай рэдакцыі і, канешне, ад нашых слухачоў. Жадаю вялікіх сіл і плёнаў у вашых пастырскіх намаганнях у Беларусі. Я хачу запытацца: з перспектывы гадоў, як вы глядзіце на тыя 30 гадоў, якія ўжо прайшлі, і якім Вы хацелі б бачыць Каталіцкі Касцёл у Беларусі праз наступных 30 гадоў.

Па-першае, дзякуй за віншаванні. Гэта канешне не юбілей, але ўсё ж круглая дата, якую мы будзем святкаваць 31 мая ў мінскай катэдры. Я запрашаю ўсіх на св. Імшу, якая пачнецца ў 18.30.

30 год, гэта немалы шлях, тым больш што ён прыйшоўся на вельмі розныя часы як майго жыцця, так і жыцця нашых вернікаў і нашага грамадства. Шмат было зроблена і напэўна, многае трэба было рабіць інакш – гэта бачна толькі сёння. Але, дзякую Богу за тое, што атрымалася, перапрашаю за тое, што можа не выйшла. І прашу благаслаўлення на наступныя гады.

Канешне, аб яшчэ 30 гадах можна марыць, бо кожны год гэта час. Хацелася б, каб кожны з іх прынёс новыя дасягненні для Касцёла ў Беларусі. Каб усе нашы парафіі мелі свае касцёлы, каб больш актыўна выкарыстоўваліся СМІ, каб атрымалася выхаваць свецкага чалавека, паводле “sensus Ecclesia”, г.зн., каб ён адчуваў рытм і патрэбы жыцця Касцёла. Людзі павінны несці вялікую адказнасць за Касцёл, за яго адбудову, за рамонт, але не толькі матэрыяльны, але і маральны. Мне хацелася б, каб наша моладзь, застаючыся сучаснай моладзю, жыла паводле духа Евангелля, каб у наша жыццё ўвайшло сацыяльнае навучанне Касцёла, каб Касцёл і далей мог служыць чалавеку, служыць Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.