2011-05-25 12:57:57

Патрыярх Барталамей: "Мір – гэта пытанне агульнага жадання"


RealAudioMP3 Патрыярх Барталамей I заклікаў да ўмацавання барацьбы за мір у свеце. Паводле яго, гэта "пытанне асабістага і інстытуцыйнага жадання". Экуменічны Патрыярх у сваім пасланні да вернікаў Канстантынопальскага Патрыярхата падкрэсліў, што нам трэба вырашыць, што рабіць далей, "працягваць нанясенне ран нашаму свету або вылечыць гэтыя раны". Нагодай да паслання стала Міжнародная экуменічная сустрэча за мір, якая праводзілася на Ямайцы. Таксама папа Бэнэдыкт XVI у нядзелю заклікаў да "ліквідацыі" гвалту ў сям'і, грамадстве і міжнароднай супольнасці.

У лісце Патрыярха Барталамея I гаворыцца, што "многія нашы мірныя намаганні марныя, таму што мы не гатовыя адмовіцца ад старых звычак, якія засноўваюцца на марнатраўстве і спажывальніцтве". Паводле іерарха, людзі будуюць жыццё на марнатраўным спажывецтве і пыхлівым нацыяналізме. "Калі мы хочам будаваць мір, - адзначае Патрыярх - вельмі важна, каб нашымі паводзінамі і дзеяннем мы дапамагалі іншым людзям, асабліва бедным, а таксама навакольнаму асяроддзю".

Сусветны форум на Ямайцы, які завершыўся ўчора, стаў кульмінацыяй дзесяцігадовага праекта Сусветнай Рады Цэркваў, скіраванага супраць усіх форм гвалту.







All the contents on this site are copyrighted ©.