2011-05-25 11:10:27

Мальта: каталіцкія біскупы заклікаюць галасаваць на карысць сям’і


RealAudioMP3 28 мая на Мальце адбудзецца рэферэндум па пытанні легалізацыі разводаў. З гэтай нагоды мальтыйскія каталіцкія біскупы скіравалі пастырскі ліст, у якім адзначаюць, што гэта праблема вельмі важная для жыцця ўсяго грамадства, таму жыхары краіны павінны праявіць сваю грамадзянскую і рэлігійную адказнасць і прыняць удзел у рэферэндуме.

“Пытанне аб разводзе, гэта пытанне аб сям’і. - пішуць мальтыйскія іерархі - Менавіта сужэнства і сям’я з’яўляюцца натуральным асяродзем, у якім асоба можа ўзрастаць ў атмасферы любові, што вельмі важна для пабудовы моцнага грамадства. Аднак, калі ёсць недахоп любові ў сужэнстве і сям’і, адкрываюцца раны, якія патрабуюць шмат часу для гаення”.

“Мы ўсе ведаем людзей параненых у выніку разбітых сужэнстваў. - адзначаецца ў пасланні мальтыйскіх біскупаў - Менавіта існаванне параненых асобаў пацвярджае, што мы як нацыя павінны працягваць цаніць сям’ю. Як жэст любові да тых, хто пакутуе, і да будучых пакаленняў, мы ўсе павінны спрыяць паляпшэнню сітуацыі з сужэнствам і сям’ёй, каб паменшыць гэтыя пакуты”. “Такім чынам рэферэндум аб увядзенні права на развод у нашай краіне, мае прамое дачыненне да пытання аб сям’і, да нашай пазіцыі як грамадзян і да супольнага дабра народа”, - пішуць каталіцкія біскупы Мальты.

Іерархі дадаюць, што “сваім голасам грамадзяне могуць будаваць і разбураць”. “Выбар на карысць непарушнага сужэнства з’яўляецца вызнаннем веры ў сям’ю, збудаваную на сувязі любові, якая не можа знікнуць; аднак выбар на карысць развода спрыяе разбурэнню сужэнства і сям’і, і як наступства, разбурэнню каштоўнасцяў і якасці жыцця”, - напісалі ў сваім пасланні мальтыйскія каталіцкія іерархі.







All the contents on this site are copyrighted ©.