2011-05-25 15:51:52

80-годдзе Ватыканскага радыё: Беларуская праграма


RealAudioMP3 Сёлета Ватыканскае радыё адзначае 80-годдзе свайго заснавання. З гэтай нагоды ў кожную сераду мы будзем знаёміць вас з гісторыяй паасобных рэдакцый нашага радыё. Сёння пачнём з нашай, беларускай праграмы.

Яна выходзіць ў эфір ужо больш за 60 гадоў, з 6 студзеня 1950 г. Варта адзначыць, што менавіта Ватыканскае радыё першым пачало перадаваць праграмы на беларускай мове з па-за межаў Беларусі. Першым кіраўніком Беларускай секцыі стаў кс. Пётр Татарыновіч.

Да 1989 г., беручы пад увагу тагачасны стан Касцёла ў Беларусі, асабліва недахоп ствятароў, беларускамоўныя перадачы Ватыканскага радыё мелі асаблівае значэнне. Для многіх, гэта была адзіная магчымасць пашырыць свае рэлігійныя веды і падтрымліваць сувязь з Паўсюдным Касцёлам.

Да 1989 г. рэдакцыя не мела практычна ніякіх кантактаў з Беларуссю. У перыяд аднаўлення касцёльных структур у краіне, Ватыканскае радыё пачало граць важную ролю ў гэтым працэсе. На дадзеным этапе яно з'яўляецца «мастом» паміж Апостальскай Сталіцай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, а таксама адной з нешматлікіх крыніц поўнай і інтэгральнай інфармацыі аб дзейнасці Святога Айца на беларускай мове.

Паколькі каталіцкія і рэлігійныя праграмы амаль адсутнічаюць у радыёпрасторы Беларусі, беларускамоўнае вяшчанне Ватыканскага радыё спаўняе вялікую фармацыйную ролю ў маральным, этычным, рэлігійным аспекце. Беларусь з’яўляецца шматканфесійнай дзяржавай, таму праграма імкнецца аб’ектыўна прадстаўляць рэлігійна-грамадскае жыццё і спрыяць згодзе і ўзаемнай павазе паміж прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў у духу экуменізму. Галоўнае заданне праграмы на дадзеным этапе – тонка адчуваць працэсы, якія адбываюцца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі і беларускім грамадстве, рэагаваць на іх у духу навучання Касцёла і, шчыльна працуючы з мясцовым Касцёлам, дапамагаць у яго адраджэнні.







All the contents on this site are copyrighted ©.