2011-05-24 15:34:53

Францыя: саміт рэлігійных лідэраў перад сустрэчай “вялікай васмёркі”


RealAudioMP3 У французскім Бардо сабралася 38 лідэраў розных рэлігій для абмеркавання тэмаў, аб якіх будуць размаўляць кіраўнікі дзяржаў так званай “вялікай васмёркі”, найбольш індустрыялізаваных краін свету. Іх сустрэча пройдзе з 26 па 27 мая ў Довіль.

У сустрэчы рэлігійных лідэраў прымаюць удзел прадстаўнікі хрысціянства, юдаізма, іслама і будызма; сярод іх, праваслаўны Мітрапаліт Эмануіл, які ўзначальвае Канферэнцыю Еўрапейскіх Цэркваў і кардынал Жан-П’ер Рыкар, арцыбіскуп Бардо, намеснік старшыні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, а таксама пастар Пол Баці, старшыня Пратэстанцкай Федэрацыі Францыі; Мухамед Мусаўі, старшыня Рады Мусульманскага Культу Францыі і рабін Рычард Маркер з Міжнароднага яўрэйскага камітэта па справах рэлігійных кансультацый.

Такія міжрэлігійныя саміты, якія папярэджваюць нарады “вялікай васмёркі” праводзяцца з 2005 г. Іх мэта заключаецца ў садзейнічанні “лепшаму супрацоўніцтву паміж урадамі краін і рэлігійнымі супольнасцямі ў вырашанні праблем нашых часоў”. Па словах Марыё Марацыці з Супольнасці св. Ігідзія, найбольш індустрыялізаваныя ў свеце краіны не могуць абмяркоўваць толькі эканамічныя пытанні, бо вырашэнне праблем сусветнага маштабу патрабуе глабальнага бачання, якое бярэ пад увагу духоўнае вымярэнне.

У цэнтры сустрэчы рэлігійных лідэраў пытанне крызісу на сусветныхм рынку, патрэба змены антрапалагічнай мадэлі, справядлівасць у размеркаванні дабротаў паміж паўночнай і паўднёвай часткамі свету, наступствы кліматычных змен, войны, беднасць.

На заканчэнне саміту рэлігійныя лідэры звернуцца з пасланнем да ўдзельнікаў сустрэчы “вялікай васмёркі” з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, ЗША, Канады і Расіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.