2011-05-23 17:33:33

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Кантакт з Богам


RealAudioMP3 Паважаныя слухачы, у нашых папярэдніх радыёспатканнях мы пачалі разважаць аб велізарнай ролі адносінаў у духоўным жыцці чалавека. Мы заўважылі, што здольнасць і жаданне чалавека усталёўваць кантакты мае глыбокае не толькі псіхалагічнае, але і тэалагічнае значэнне.

Чалавек створаны на вобраз і падабенства Бога – Тройцы Асобаў – інстынктыўна імкнецца да пабудовы глыбокіх і трывалых сувязяў. Зацясненне кантактных здольнасцяў чалавека толькі да сферы зямнога жыцця не толькі не вычэрпвае, але і не задавальняе яго. Кожная чалавечая асоба носіць у сабе імкненне да трансцэндэнцыі, г. зн. да пераўзыходжання рамак часовасці, фізічнасці, прыроды. Адсюль выцякаюць чалавечыя мары аб нябесным, боскім, бязмежным. Для матэрыялістаў мерай гэтага пераўзыходжання становіцца пакананне космасу і сілаў прыроды. Для людзей з прымітыўнай рэлігійнасцю, з магічным падыходам да свету, яно выражаецца ў жаданні апанаваць звышнатуральныя моцы, або, прынамсі, іх залагодзіць і выкарыстаць. Для асобаў, якія адкрыліся на кантакт з Аб’яўленым Богам, гэтая сувязь будзе мець перадусім характар міжасабовых зносінаў.

Той, хто не адкрыў для сябе свет асабістых адносінаў з Богам, будзе заўсёды пачувацца самотнікам, бессэнсоўна згубленым у бязмежных прасторах космасу. Гэты несвядомы голад па Богу не здолеюць заспакоіць ніякія рэчы і тварэнні. Для многіх хрысціянаў відавочна, што ніякая вера ні ў залагоджванне духаў, ні ў касмічныя энергіі, ні ў тэхнічны прагрэс, не здолеюць заспакоіць жадання кантактаваць з Жывым Богам. Бо ці можа канкурыраваць размыты прывід невядома-чаго з канкрэтнай і рэальнай Асобай Хрыста – Бога і Чалавека, Збавіцеля і Адкупіцеля, Уцелаўлёнай Любові Творцы? Ці не таму, нягледзячы на спакусы магіі і акультызму, матэрыяльнага дабрабыту і ўцёкаў у science-fiction, чалавечая душа ўсё-роўна сумуе па Богу-Асобе? Наколькі ж цудоўна выглядае той момант, калі чалавечае жаданне спаткання з Усявышнім сустракаецца з такім жа, але адвечным і бескарыслівым жаданнем Бога. Тады насустрач чалавечым пошукам выходзіць Яго Стварыцель, Айцец, які жадае не толькі аб’явіцца, але і ўмацоўваць кантакт поўны збаўляючай любові.

Здаецца, надзвычай актуальным выклікам для сучаснага хрысціяніна становіцца заданне сведчання аб асабістым кантакце з Жывым Богам. Мы жывём у свеце, дзе шмат людзей пакутуе ад адсутнасці паўнавартасных адносінаў з Богам. Усведамляючы плыткасць матэрыяльных патрэбаў, яны пераключаюцца на пошук духоўных каштоўнасцяў. Нажаль такія асобы часта становяцца ахвярамі рэлігійных маніпуляцый, яны гатовы верыць у прымітыўныя міфы, акультычныя абяцанкі кантакту са звышнатуральнымі істотамі. А за ўсёй гэтай драмай ляжыць глыбіннае і натуральнае для чалавека жаданне вярнуцца ў Дом Айца, аднавіць паўнавартасныя адносіны з Богам. Жадаючы нейкім чынам вырвацца ад бессэнсоўнасці часовага жыцця, душа чалавека не жадае згадзіцца на вегетацыю, на ўзровень жыцця жывёлы. Чалавек адчувае ў сабе дзіця Вечнасці. Заўважаючы гэту натуральную схільнасць чалавека да пошуку звышнатуральнага кантакту з Богам- Асобай, Тэртуліян у першыя вякі хрысціянства пісаў, што чалавечая душа па сваёй натуры – хрысціянка. Бо менавіта ў хрысціянскім Аб’яўленні Бог адказвае на ўсе тугі і спадзяванні, якое тысячагоддзямі выношвала грэшнае чалавецтва, пазбаўленая паўнавартаснага кантакту з Богам.

Усведамленне вялікага скарбу, удзельнікам якога стаў кожны, хто прыняў святое хрышчэнне, з’яўляецца нагодай, каб няспынна адкрываць скарб асабістых адносінаў з Богам і іх умацоўваць. Здаецца не будзе перабольшваннем сказаць, што чым мацнейшы персанальны кантакт хрысціяна з Богам, тым мацнейшая будзе яго евангельская ідэнтычнасць, хрысціянская самасвядомасць. Шматвяковы досвед хрысціянства паказвае, што ў асабістым кантакце з Богам, мацаваным сакрамэнтальным служэннем Касцёла, для чалавека адкрываюцца далягляды пазнання і самапазнання. Гэты асабісты і сумесны ў супольнасці вернікаў кантакт з Панам з’яўляецца найлепшай школай сведчання веры, каб яе адкрываць і развіваць не толькі для сябе, але дзяліцца з кожным, каго Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.








All the contents on this site are copyrighted ©.