Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі Македоніі і Балгарыі
23 мая Бэнэдыкт XVI
прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Македоніі, якая прыбыла ў Рым з нагоды свята св. Кірыла
і св. Мятода, што адзначаецца на Балканах 24 мая. У склад дэлегацыі ўвайшлі Прэзідэнт
Македоніі, шматлікія члены ўрадаў, а таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага
Касцёла.
У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што св. Кірыл і св. Мятод абвяшчалі
Евангелле негледзячы на шматлікія цяжкасці, і дзякуючы іх намаганням пачалося развіццё
славянскай цылізацыі і культуры. “Сведчанне святых застаецца актуальным для тых, хто
сёння служыць Евангеллю, а таксама для тых, хто пакліканы кіраваць народамі. - сказаў
Святы Айцец - Божае Аб’яўленне, якое апосталы славян зрабілі зразумелым і даступным
кожнаму, стала крыніцай адзінства розных культур і традыцый”. “У прыняцці Божага плана
збаўлення, народы могуць адшукаць фундамент для будаўніцтва цывілізацый і грамадстваў
згодна з духам прымірэння і мірнага сумеснага жыцця”, - сказаў да прадстаўнікоў македонскай
дэлегацыі Бэнэдыкт XVI.
Таксама, з нагоды свята св. Кірыла і св. Мятода на
сустрэчу з Папам у Рым прыбыла ўрадавая дэлегацыя з Балгарыі. У сваім звароце да яе
членаў Пантыфік адзначыў, што еўрапейскім народам, якія ў гэтыя гады сустракаюцца
з новым перспектывамі супрацоўніцтва, св. Кірыл і св. Мятод нагадваюць аб адзінстве,
што грунтуецца на супольных хрысціянскіх каранях. “Сёння важна, каб Еўропа ўзрастала
таксама ў духоўным вымярэнні. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Адзінства кантынента, якое прагрэсіўна
і свядома развіваецца, і якое абараняецца ў палітычнай сферы, уяўляе сабой вялікую
перспектыву надзеі. Еўрапейцы пакліканы спрыяць стварэнню ўмоваў глыбокай згуртаванасці
і супрацоўніцтва паміж народамі”. “Каб будаваць новую Еўропу на салідным фундаменце
не дастаткова толькі клапаціцца аб эканамічных інтарэсах, але трэба абапірацца на
сапраўдныя каштоўнасці, якія грунтуюцца на ўніверсальным маральным законе, запісаным
у сэрцы кожнага чалавека”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.