Арцыбіскуп Тамазі ў ААН: развіццё асобы залежыць не толькі ад эканамічных фактараў
23 мая прэс-служба
Апостальскай Сталіцы апублікавала даклад арцыбіскупа Тамазі, прадстаўлены падчас IV
канферэнцыіі ААН па праблемах найменш развітых краін, якая праходзіла ў Стамбуле 9-13
мая.
У сваёй прамове ватыканскі іерарх адзначыў, што ў шматлікіх бедных краінах
рост адбываецца толькі ў сферах дабычы і экспарту прыродных рэсурсаў, аднак іншыя
сферы эканомікі застаюцца вельмі неразвітымі. Гэта з’яўляецца прычынай нероўнага размеркавання
даходаў і вялікага беспрацоўя. На думку арцыбіскупа Тамазі, “у некаторых краінах,
напрыклад такіх як Уганда, Эфіопія, Гана і Кенія, некаторае вырашэнне гэтых праблем
стала магчымым праз інвестыцыі і развіццё сельскагаспадарсчага сектара”. Іерарх, дадаў,
што Апостальская Сталіца падтрымлівае праграмы ААН па асобнаму аналізу сітуацыі ў
кожным з рэгіёнаў з улікам іх асаблівасцяў.
“У той жа час Апостальская Сталіца
прапаноўвае звярнуць увагу на тры важныя аспекты”. Першы з іх тычыцца фундаментаў
“інтэгральнага развіцця чалавека”, г.зн., павагі да годнасці, правоў чалавека, абароны
жыцця, спрыяння развіццю субсідыярнасці, салідарнасці і адукацыі. Другая сфера – гэта
фактары, якія ўплываюць на інтэгральнае развіццё чалавечай асобы. “Мы павінны прызнаць,
што развіццё асобы залежыць не толькі ад эканамічных фактараў, але і ад духоўнага
росту. - адзначыў іерарх - Эканамічныя паказчыкі не ў стане ацаніць у поўнай меры
трансцэндэнтнага вымярэння чалавека”. Нарэшце трэццяя тэма, на якую звярнуў увагу
прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН іерарх, гэта роля дзяржавы ў спрыянні “інтэгральнаму
развіццю чалавека”. Арцыбіскуп Тамазі заклікаў да салідарнасці з беднымі краінамі
і адзначыў, што зараз настаў час на ажыцяўленне шматлікіх абяцаняў, якія робяцца на
працягу дзесяцігоддзяў.