З 22 па 27 мая ў Рыме
пройдзе 19 генеральная асамблея міжнароднай арганізацыі “Caritas internationalis”,
на якую збяруцца каля 300 дэлегатаў з усяго свету. Сёлета адзначаецца 60 гадавіна
заснавання гэтай канфедэрацыі. Удзельнікі форума будуць прыняты на спецыяльнай аўдыенцыі
Святым Айцом, а св. Імшу ў дзень адкрыцця прац будзе цэлебраваць кардынал Дзяржсакратар
Тарчызіо Бэртонэ.
Міжнародная арганізацыя “Caritas internationalis” аб’ядноўвае
165 нацыянальных “Caritas” і сваёй галоўнай мэтай лічыць каардынацыю іх дзейнасці
ў выпадках надзвычайных сітуацый і крызісаў. Яе старшынёй з’яўляецца кардынал Оскар
Андрэс Радрыгес Марад’яга, арцыбіскуп Тэгучыгальпа.
У 2004 г. папа Ян Павел
ІІ надаў арганізацыі “Caritas internationalis” статус кананічна-прававой асобы, улічваючы
характар нацыяльнаных і дыяцэзіяльных “Caritas”, якія з’яўляюцца афіцыйнымі органамі
дабрачыннай дзейнасці Касцёла, а таксама ў прызнанне вялікіх заслуг канфедэрацыі,
якая на працягу дзесяцігоддзяў працуе для дабра Касцёла і чалавецтва.
Падчас
рымскага форума будзе абмеркаваны план працаў арганізацыі на бліжэйшыя чатыры гады.