2011-05-21 14:06:35

Папа сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта “Sacro Cuore”


RealAudioMP3 21 мая папа Бэнэдыкт ХVI прыняў на аўдыенцыі студэнтаў і выкладчыкаў Каталіцкага універсітэта “Sacro Cuore”, які ў гэтым годзе адзначае 90-годдзе свайго заснавання. У прамове да прысутных Святы Айцец адзначыў, што чалавецтва жыве ў эпоху вялікіх і хуткіх зменаў, якія знаходзяць адлюстраванне таксама ва ўніверсітэцкім жыцці. Сучасная культура намагаецца выдаліць рэлігію з прасторы рацыянальнасці, звесці яе да прыватнага ўжытку.

Папа нагадаў, што вера з’яўляецца дарам, яна здольная натхняць шматлікія народы да развіцця культуры. Гэтыя меркаванні ляжаць у аснове канкрэтных прычын заснавання Касцёлам каталіцкіх універсітэтаў. Без смелых і пакорных даследаванняў кожная культура занікае і ўпадае ў рэлятывізм і эфімернасць.

Святы Айцец нагадаў, што служыць чалавеку, значыць служыць праўдзе ў любові, любіць жыццё, якое трэба заўсёды паважаць, пачынаючы з моманту, калі яно з'яўляецца найбольш дэлікатным і безабаронным. “Гісторыя культуры паказвае, якім чынам чалавечая годнасць была прызнана у поўнай сваёй інтэгральнасці ў святле хрысціянскай веры. Каталіцкі ўніверсітэт пакліканы быць месцам адкрытасці на веды, месцам запалу і праўды, цікавасці да гісторыі чалавецтва, якія характарызуюць сапраўдную хрысціянскую духоўнасць”, - падкрэсліў Папа. “Хрысціянская вера з'яўляецца сілай, здольнай асвятляць шлях жыцця ва ўсіх яго праявах. Без гэтага бачання, без гэтага арыгінальнага і глыбокага тэалагічнага вымярэння, любоў адыходзіць ад прароцкай задачы, якая заключаецца ў змене жыцця чалавека і грамадскіх структур”, - адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.