2011-05-21 12:49:48

Біскуп Блін: катэдра – месца асаблівай лучнасці вернікаў з біскупам


RealAudioMP3 Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін звярнуўся з адмысловым пасланнем да вернікаў у сувязі з урачыстацямі абвяшчэння новага катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Іерарх нагадаў, што катэдра з’яўляецца знакам адзінства вернікаў з біскупам. “Гэта ў ёй знаходзіцца асаблівае месца: біскупскі трон – кафедра, з якой біскуп звяртаецца са сваёй навукай да верных, і менавіта ў гэтай святыні падчас найважнейшых урачыстасцяў збіраецца вакол свайго біскупа народ Божы”.

Біскуп нагадаў, што Віцебская дыяцэзія існуе ўжо больш за 10 год. “За гэты час умацавалася інфраструктура касцёлаў у Віцебску. Таму па жаданні Святога Айца Бэнэдыкта XVI новазбудаваная святыня Езуса Міласэрнага ў Віцебску была ўзведзена да тытулу катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі”.

Урачыстасць абвяшчэння новага катэдральнага касцёла адбудзецца 18 чэрвеня 2011 г. у 12.00 гадзін. Яна будзе аб'яднана з працэсіяй Божага Цела, якая ў гэтым годзе будзе папярэднічаць урачыстай св. Імшы. Распачнецца працэсія ад касцёла Святога Духа ў 11.00 гадзін, яе канчатковай мэтай стане новая катэдра Езуса Міласэрнага.

Біскуп Блін асаблівым чынам заклікае да ўдзелу ў працэсіі дзяцей, моладзь, парафіяльныя хоры і малітоўныя групы, арганізатараў парафіяльных працэсій разам з харугвамі і іншымі атрыбутамі веры і нацыянальнай культуры. На ўрачыстасць запрошаны шматлікія госці з Беларусі і з-за мяжы.







All the contents on this site are copyrighted ©.